Віцебск святкуе 1039-ы дзень нараджэння

28 июня 2013

У гэтыя хвіліны ў віцебскім Цэнтры сучаснага мастацтва адкрываецца незвычайная выстава, на якой экспануюцца 3Д-карціны, лазерныя малюнкі і нават палотны, што свецяцца ў цемры. Такі смелы творчы эксперымент стаў падарункам маладых віцебскіх мастакоў роднаму гораду, які святкуе свой 1039-ы дзень нараджэння. Зрэшты, сюрпрызы падрыхтавалі не толькі мастакі, але нават транспартнікі і будаўнікі.


Рэпартаж Алены Панцюховай. Адны называюць гэтых маладых людзей аптычнымі фокуснікамі, другія прадаўжальнікамі Малевіча і Лісіцкага. І ўсе аднадушныя - тое, што робяць гэтыя студэнты, безумоўна, новы погляд на мастацтва. У поўнай меры ацаніць якое можна толькі гледзячы ў акенца фотаапарата.


Гэтая выстава - падарунак гораду і ўвасабленне самых смелых творчых эксперыментаў віцебскіх авангардыстаў. Усё самае цікавае пачнецца сёння з наступленнем цемры.


Падарункі гораду і гараджанам дораць не толькі мастакі. Сёння ў Віцебску ўрачыста адкрылі два новыя тралейбусныя маршруты, якія злучылі новы аддалены мікрараён з цэнтрам горада. Будаўніцтва больш за 5 кіламетраў тралейбусных ліній каштавала 48 мільярдаў рублёў.


Сёння ў Віцебску адкрылі помнік трамваю. Ён з'явіўся ў горадзе 115 гадоў таму - раней, чым у Маскве і Пецярбургу, і з тых часоў з'яўляецца адной з галоўных гарадскіх славутасцяў.


Першы віцебскі трамвай не захаваўся. Дакладную яго копію аднавілі па фатаграфіях і чарцяжах, якія адшукалі ў архівах Беларусі, Расіі, Германіі і Бельгіі. І хоць усе вузлы і дэталі гэтага вагона арыгінальныя, паставіць яго на сучасныя рэйкі, на жаль, немагчыма - 115 гадоў таму трамвайная каляіна ў Віцебску была значна вузейшай.


Дзень нараджэння Віцебск будзе святкаваць тры дні. На ўрачыстасці прыехала шмат гасцей, у тым ліку, дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў.


У гэтыя хвіліны віншаванні Віцебску гучаць са сцэны галоўнай канцэртнай пляцоўкі горада - Летняга амфітэатра. Урачыстасці прадоўжацца і ў выхадныя. Заўтра ў Віцебску можна будзе паслухаць духавы аркестр, убачыць дэфіле нявест і нават пракаціцца на рэтрааўтамабілі.