Віктару Грамыку - 95

2 января 2018

Юбілей адзначае народны мастак Беларусі. Віктару Грамыку - 95. Чалавек яркага самабытнага таленту і дзіўнай устойлівасці - франтавік і ардэнаносец, ён стаў патрыярхам айчыннага жывапісу і ўвайшоў у хрэстаматыю нацыянальнага выяўленчага мастацтва.

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Павіншаваць старэйшага калегу і настаўніка яны ідуць не ў майстэрню ці яго родны дом, а ў Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы. Тут пад апекай дзяржавы народны мастак Беларусі, ардэнаносец Віктар Грамыка сустракае сваё 95-годдзе.

Амаль кожны з маладзейшых мастакоў прама ці апасродкавана можа назваць сябе яго вучнем. Грамыка - з пакалення шасцідзесятнікаў.

Стоўп суровага рэалізму дзесяцігоддзі выкладаў у Мастацкай акадэміі.

З-за праблем зроку ен ужо не можа пісаць, хаця ад мальберта адышоў толькі 3-4 гады таму, у 90 яшчэ ладзіў выставы! Без удзелу Грамыкі, але прысвечаная Майстру ў Нацыянальным музеі Беларусі адкрылася выстава яго работ.

Палотны Грамыкі ў яго імянной галерэі ў Оршы, у прыватных калекцыях і галерэях. Нелірычны - пейзаж Грамыкі яшчэ называюць «краявід з порахам». Мастак не па чутках ведае пра вайну

Віктар Грамыка - франтавік. Вайна застала яго 18-гадовым. Тады яшчэ не думаў пра мастацтва. Трапіў у падполле. Група Канстанціна Заслонава. Потым - галоўны рэдактар у газеце «Народны мсціўца». Толькі праз 5 гадоў пасля Перамогі ён вырашыў: трагічна-гераічныя вобразы мінулага павінны трапіць на палатно.

Уладальнік ордэнаў вайны 1 ступені і Чырвонага Сцяга, медаля «За адвагу» і іншых ваенных узнагарод Грамыка 25-гадовым пачаў спасцігаць азы жывапісу. Мінскае мастацкае вучылішча. Тэатральна-мастацкі інстытут. Уганараваны пасадай у Нацыянальнай акадэміі навук. Лаўрэат Спецпрэміі Прэзідэнта Беларусі з прысуджэннем міжнароднай прэміі Міхаіла Шолахава.

Чалавек вайны, жывы класік нацыянальнага мастацтва Грамыка сёння працуе над мемуарамі. Надыктоўвае кнігі. Адна ўжо ўбачыла свет. Дзве іншыя - у выдавецтве «Мастацкая літаратура».