Увесь 2015 год адзначаўся 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага

9 декабря 2015

Увесь 2015 год адзначаўся 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага, знакамітага дыпламата, грамадскага дзеяча, кампазітара, апекуна мастацтваў і музыканта. Мерапрыемстваў, фестываляў і розных імпрэз было багата не толькі на Беларусі, але і ў Польшчы, і Літве. Так заключная гала-імпрэза прайшла ў літоўскай амбасадзе ў Мінску. Тут і выстава фотадакументаў, прысвечаных месцам, дзе Агінскі працаваў, жыў, падарожнічаў. Літва, Польшча, Італія, Нідэрланды, Вялікабрытанія. Мастакі розных краін: з Беларусі, Польшчы, Літвы таксама прысвяцілі свае работы творчасці і лёсу легендарнай асобы і эпахальнаму вобразу Міхала Клеафаса. А музыканты, што спецыяльна прыехалі з Маладзечна, выконвалі творы кампазітара, якіх аказалася значна больш,чым лічылася раней.

2015 год, аб’яўлены ЮНЕСКА Годам Міхала Клеафаса Агінскага, завяршаецца, але ў літоўскай амбасадзе запэўніваюць, што мерапрыемствы, прысвечаныя асобе, якая так збліжае нашы народы, будуць працягвацца і ў наступным 2016-м.