Вернісаж Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі

22 декабря 2017

Палац Медычы ў Італіі, германскі Бундэсбанк, музей мастацтваў у Пекіне. Самыя прэстыжныя залы свету прымалі выставы яго работ. А сёння вернісаж Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім. Персанальнай выставай заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі адзначае 60-гадовы юбілей.

З тысячы яго работ, якія размешчаны па музеях і карцінных галерэях усяго свету, вы не знойдзеце ніводнай сонечнай! Кожная непаўторная, але кожная ў стрыманых фарбах і пэўным міноры. Гэта асэнсаваны выбар майстра: свае палотны ён прысвячае роднай беларускай прыродзе, а яна натуральная і ёсць няяркая, поўная паўценняў.

Занатоўваць краявіды ён пачаў пяцігадовым. На малой радзіме, у Барысаве, Шкаруба з бацькамі жыў на ўскраіне ля сасновага бору. Самастойна стаў гуляць у лесе з аркушам паперы і алоўкам у руках.

Руку яму ставілі ў барысаўскім Доме піянераў. Калі быў студэнтам Акадэміі мастацтваў, Шкаруба спрабаваў сябе ў абстрактным мастацтве, але вярнуўся да класічнага почырку. Ужо сталым мастаком знайшоў той стыль тонкага штрыха.

Дзеці Валерыя Шкарубы пайшлі па слядах бацькі: сын - фотамастак, дачка - жывапісец. Праўда, яе манера зусім непадобная на бацькаву: пейзажы і нацюрморты яркія, насычаныя, поўныя сакавітасці і сонца!

Хоць Шкаруба і экспануецца і набываецца па ўсім свеце, вялікая калекцыя захоўваецца ў дзяржаўных беларускіх фондах, а юбілейная персанальная выстава пройдзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.