Верхні горад Мінска адкрывае летні турыстычны сезон

4 мая 2018

Ужо заўтра пад адкрытым небам адбудуцца тэатральныя форумы і майстар-класы. Майстэрствам падзеляцца клубы гістарычнай рэканструкцыі і вулічныя музыканты. Летні сэт-ліст Верхняга горада ўжо ведае Аляксандра Кавеліч.

На імправізаванай сцэне яркія дэкарацыі, а на касцюмах аўтографы маленькіх паклоннікаў. У сваіх выступленнях Андрусь і Нэлі пераплятаюць песні, конкурсы і тэатральныя паказы. Сямейнае шоу (менавіта такі фармат выбралі артысты) пакажуць падчас новага творчага праекта для дзяцей «Пешаходка. Кідз».

Віяланчэль, кантрабас, альт і скрыпка. У такім класічным квартэце зараз гучаць выключна сучасныя аўтарскія мелодыі. Музыканты гэтага бэнда рыхтуюцца да выпуску дэбютнага альбома. Своеасаблівая рэпетыцыя ў фармаце оўпэн-эйр.

Джаз, рок, лаўнж і нават дзіцячыя хіты. Музычны праект «Пешаходка» аб'яднае дзясяткі калектываў і сольных артыстаў. Дарэчы, сёлета прасторы для творчасці стане больш. На творчай карце Верхняга горада з'явіцца новая лакацыя.

Уладзіслаў Пінчук, куратар музычнага праекта «Пешаходка»: “На тэрыторыі Верхняга горада праходзіць шмат розных мерапрыемстваў. Канцэрты - ад класікі да рока. Менавіта гэты фармат будзе для спакойнага адпачынку. Тут пройдуць выступленні піяністаў горада - як прафесійных, так і аматараў”.

Іван Манько, дырэктар музычнага анлайн-партала: “Мы будзем выстаўляць на “Пешаходцы” ля ратушы… піяніна, на якім зможа іграць кожны, хто жадае. Будзем старацца, каб яно тут было да канца лета. Інструмент будзем пастаянна падстройваць і падтрымліваць у форме”.

Творчы марафон у гэтую суботу пачнуць не толькі вулічныя музыканты, а і прадстаўнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі, а таксама танцавальныя калектывы.

Сёння тут яшчэ даволі ціха, але ўжо заўтра тэрыторыя Верхняга горада ператворыцца адначасова ў сцэну пад адкрытым небам і нават сярэдневяковую арэну, словам - у вялікую творчую пляцоўку. І не толькі на гэтых выхадных, але і на працягу ўсяго летняга сезона тут можна будзе пазнаёміцца з рознымі напрамкамі мастацтва і прыняць удзел у творчых майстар-класах.

Фэст аматарскіх калектываў «Гукі вуліц», а таксама вялікі кірмаш народных рамёстваў... Верхні горад ў маі стане цэнтрам фестывальнага руху. А ўжо з пачатку лета ў раскладзе джазавыя вечары, класіка ля ратушы і дні нацыянальных культур. Сваю прэзентацыю сёлета ўпершыню правядуць Эстонія і Вялікабрытанія.