85-ы сезон у Вялікім тэатры адкрые опера "Травіята" Джузэпэ Вердзі

8 сентября 2017

У юбілейны год з прэм'еры! Сёння 85-ы сезон у Вялікім тэатры адкрые опера "Травіята" Джузэпэ Вердзі. Над пастаноўкай працавала міжнародная каманда на чале з латвійскім рэжысёрам Андрэйсам Жагарсам. На падмостках беларускага опернага гэта ўжо шостая інтэрпрэтацыя італьянскага твора.

Расказвае Вольга Мядзведзь.

Самую папулярную оперу ў свеце перанеслі ў часе. Спецыяльна для Вялікага тэатра Беларусі гісторыя «Травіяты» развіваецца ў нашым XXI стагоддзі, а не ў арыгінальным XIX. Музычная партытура пры гэтым засталася нязмененай, як напісаў Джузэпэ Вердзі. З оперы выкраслілі архаізмы і змянілі некаторыя падзеі, не ўласцівыя сучаснай эпосе.

"Травіята" ў кашулях, джынсах і кедах. Такія сучасныя тэатральныя касцюмы героі змяняюць па некалькі разоў за дзеянне. Упершыню індывідуальна іх стварылі для кожнага артыста хору. Усё як у жыцці. А да прэм'еры пашылі дзве сотні убораў. Дэкарацыі спектакля амаль за тры гадзіны дзеі зменяцца чатыры разы. У кожнай карціны асобны колер або ключавы элемент. Усё афармленне міжнародная пастановачная група прывезла з сабой, каб у Мінску засяродзіцца на рэпетыцыях. Дарэчы, праца пачалася яшчэ вясной, да закрыцця мінулага сезона.

Андрэйс Жагарс, рэжысёр-пастаноўшчык, акцёр, Латвія: "Тэатр даў мне ідэальныя магчымасці. Па-першае, з усіх прапанаваных салістаў выбраць састаў, з якім я хацеў бы працаваць. Я перавагу аддаў маладым выканаўцам. У нас ёсць тры саставы, а мала тэатраў, якія могуць ганарыцца, што ў іх у трупе, у ансамблі ёсць тры саставы галоўных выканаўцаў".

"Травіята" ад Жагарса - гэта ўжо шостая пастаноўка оперы ў Вялікім. Папярэдняе ўвасабленне жыло на пляцоўцы 20 гадоў. У 85-м сезоне ў рэпертуарны строй вернуцца і абноўленыя "Тоска" са "Спартаком". Над апошнім працуе віртуоз Елізар'еў не толькі да тэатральнага, але і да свайго юбілею.

Уладзімір Грыдзюшка, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "У гэтым жа годзе мы пачынаем працаваць над дзвюма сусветнымі прэм'ерамі. У тым ліку над балетам "Анастасія" на музыку Кузняцова і над операй-балетам "Іаан" і "Саламея" Рыхарда Штрауса".

Традыцыйна да навагодніх свят пройдуць усе знакавыя праекты: Калядны оперны форум, міжнародны конкурс вакалістаў, Вялікі баль і іншыя. Не сціплы і гастрольны тур. З блізкага - Аўстрыя, Германія і Францыя.