Учора краіна адзначыла Купалле

7 Ліпеня 2016

Учора краіна адзначыла самае яркае і магічнае народнае свята - Купалле. Па традыцыі маладыя людзі скакалі праз вогнішча, варажылі і шукалі папараць-кветку. Людзі завуць гэты дзень святам агню і вады. На начным фестывалі Купалля пабывала Юлія Токар.

Старажытныя купальскія абрады праводзяць менавіта ў самую кароткую ноч. Дзень летняга сонцастаяння - галоўнае свята славян. Згодна з легендамі і паданнямі, у магічную ноч спаць нельга - нячыстая сіла ажывае. Таму ўдзельнікі Купалля з вечара спявалі народныя песні, вадзілі карагоды. Усіх чакалі і купальскія прадказанні.

Мар'яна і Юрый, каб запомніць чароўнае свята, вырашылі ў лесе ладзіць вяселле - эльфійскае. Замест заручальных пярсцёнкаў - блакітныя стужкі, беласнежны вэлюм замянілі на стракаты вянок з жывых кветак.

А для тых дзяўчат, якія толькі мараць знайсці нарачонага, ладзіўся майстар-клас па пляценні вянкоў.

Лічыцца, што чым багацейшы вянок, тым далей ён паплыве, а значыць, дзяўчына хутчэй выйдзе замуж. Таму кампазіцыі ўпрыгожваюць разнастайнымі кветкамі: званочкамі, рамонкамі, рабінай і абавязкова папараццю.

Запаветную кветку падчас гулянняў па традыцыі і адпраўляюцца шукаць. Каму пашанцуе, знойдзе не толькі каханне: забяспечаны поспех ва ўсіх справах.

Кульмінацыяй свята стала фаер-шоу і купальскае вогнішча. Агонь у гэтую ноч таксама нібыта валодае асаблівай гаючай сілай. А спушчаныя на ваду вянкі - своеасаблівы шлях да сямейнага шчасця і дабрабыту. Ціхая плынь - прадвеснік таго, што ўсе мары закаханых спраўдзяцца.