Валянціну Елізар’еву спаўняецца 70 гадоў

30 октября 2017

Яго імя стала брэндам беларускага балета, а спектаклі ні адно дзесяцігоддзе карыстаюцца поспехам у публікі. Сёння краіна ўшаноўвае народнага артыста СССР і Беларусі Валянціна Елізар’ева. Балетмайстру, харэографу і педагогу спаўняецца 70. Майстар доўгі час займаў пасаду мастацкага кіраўніка і дырэктара Вялікага тэатра Беларусі, а ў цэлым 36 гадоў служыў нашай акадэмічнай сцэне. Ужо заўтра Валянцін Мікалаевіч прапануе публіцы абноўленую версію свайго спектакля "Спартак", а пакуль прымае віншаванні.

З юбілярам сустрэлася Іна Пілевіч.

Самы малады галоўны балетмайстар Савецкага Саюза. У 26 выпускнік Ленінградскай кансерваторыі Валянцін Елізар'еў размяркоўваецца ў Мінск. У планах – затрымацца тут на кароткі тэрмін. Беларуская сталіца амбіцыйнаму маладому харэографу здаецца правінцыяльнай. Глядзельная зала падчас балетных спектакляў пустуе. Малады спецыяліст наўмысна жыве ў гасцініцы ў надзеі хутка з'ехаць. Але сітуацыю змяняе гучны дэбют. Яго першая мінская прэм'ера «Кармэн-сюіты» становіцца сенсацыяй далёка за межамі СССР.

Трыумфальная «Кармэн-сюіта» адкрыла эпоху елізар'еўскага балета і ліквідавала напал страсцей у трупе. Усё ж галоўны балетмайстар быў малодшы за большасць салістаў. З часам Валянцін Мікалевіч наогул адкрыў цэлую плеяду зорак сусветнага балета – сённяшніх народных Траяна, Бржазоўскую, Гайко.

Савецкі Мінск становіцца сталіцай балетных навацый. Наша трупа з аўтарскім рэпертуарам выклікала ажыятаж на замежных гастролях. Елізар'еў займае пасаду мастацкага кіраўніка, а затым дырэктара тэатра. Атрымлівае народнага артыста Савецкага Саюза, а такога звання за ўсю гісторыю ўдастоены толькі 35 беларусаў. Дырэчы, Валянцін Мікалаевіч адзіны ў нашай краіне ўладальнік самай прэстыжнай танцавальнай прэміі – Бенуа дэ ля Данс – па сутнасці прызнання таленту ў найвышэйшай ступені. Але напярэдадні завяршэння рэстаўрацыі Вялікага тэатра пакідае калектыў. З поспехам працягвае кар'еру за мяжой – яму апладзіруюць Токіа і Каір.

Калі ў сярэднім спектакль пражывае 5 сезонаў. То елізар'еўскія ў гэтым сэнсе рэкардсмены. Яго брутальны балет “Спартак” трымаецца ў рэпертуары 37 гадоў. Да свайго 70-га дня нараджэння майстар абнавіў асабісты шэдэўр. Прэм'ера новай версіі спектакля – ужо заўтра. А пасля ў афішы заяўлены юбілейны вечар. Інтрыга для публікі – ці станцуе сам юбіляр. Усё ж на мінулым юбілеі Елізареў выдаваў сіртакі.

У падарунак майстру – сольнае выступленне. Зоркі сусветнай сцэны, сярод якіх Мікалай Цыскарыдзэ, Раду Паклітару, Святлана Захарава прымуць удзел у творчым вечары харэографа без ганарару. Балетная эліта адзначыць 70-годдзе Елізар'ева ў Вялікім тэатры Беларусі 2 лістапада.