Валянцін Елізар’еў пачаў рэпеціраваць балет "Спартак"

10 октября 2017

Ён прымусіў увесь свет гаварыць пра беларускі балет і пасля працяглага перапынку вяртаецца ў Вялікі тэатр. Сёння Валянцін Елізар’еў, які 36 гадоў служыў нашай акадэмічнай сцэне, пачаў рэпетыцыю балета "Спартак". Народны артыст Савецкага Саюза рыхтуе новую рэдакцыю вядомага спектакля да свайго юбілею. 30 кастрычніка вядомаму балетмайстру, харэографу і педагогу споўніцца 70. Іна Пілевіч - падрабязней.

Пасля 8-гадовага перапынку ён упершыню заходзіць у Вялікі праз службовы ўваход. Сцены, у якіх прапрацаваў 36 гадоў, сёння выглядаюць інакш. Гэта першы рабочы візіт Валянціна Елізар’ева ў тэатр пасля маштабнай рэстаўрацыі. Па тэатральных лабірынтах - наўпрост у рэпетыцыйную залу. Сёння мэтру маецца практычна зноў пазнаёміцца з балетнай трупай - у складзе значныя перамены. Народны артыст СССР ставіць новую рэдакцыю "Спартака".

Трыумф мужчынскага танца і візітная картка беларускага балета. Гераічны і брутальны "Спартак" у пастаноўцы Елізар’ева ў рэпертуары тэатра з 80-га. Спектакль-доўгажыхар вядомы за межамі радзімы - з ім трупа аб'ехала два дзясяткі краін. Сёння харэаграфічны шэдэўр патрабуе абнаўленняў. Некаторыя сцэны легендарны балетмайстар злёгку зменіць, а частку і ўвогуле паставіць зноў. У спектакль увядзе і новых салістаў - сваіх вучняў.

Выхадзец Баку і выпускнік Kёнінградскай кансерваторыі быў запрошаны ў Мінск адразу на пасаду галоўнага балетмайстра. Яго імя прагучала на ўвесь свет дзёрзка і дзіўна рана - у 26 гучна дэбютаваў з "Кармэн-Сюітай". Доўгі час займаў пасаду мастацкага кіраўніка і дырэктара тэатра. Сёння яго "Спячая прыгажуня", "Рагнеда", "Жар-птушка" - ужо эпоха нацыянальнага балета, шматлікія спектаклі дагэтуль у афішы. Увесь кастрычнік уладальнік балетнага оскара "Бенуа дэ ля Данс" - правядзе ў рэпетыцыйнай зале. Новую версію "Спартака" рыхтуе да дня нараджэння.

Юбілей Елізар’ева на сцэне Вялікага адзначаць двойчы. Пасля прэм'еры абноўленага "Спартака" адбудзецца святочны канцэрт. 2 лістапада ў Мінск павіншаваць імянінніка з'едуцца зоркі сусветнага балета - Мікалай Цыскарыдзэ, Раду Паклітару, Юрый Грыгаровіч. Ці станцуе сам народны артыст у свой 70-ты дзень нараджэння - інтрыга, якая раскрыецца толькі пасля трэцяга званка.