Валянцін Дудкевіч адзначае сёння юбілей

6 октября 2018

Народнаму артысту і мастацкаму кіраўніку Дзяржаўнага ансамбля танца - 75. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Валянціна Дудкевіча са святам. Сёння ў Музычным тэатры адбудзецца творчы вечар майстра. Тэлеверсію можна будзе ўбачыць 14 кастрычніка. З юбілярам сустрэлася Вольга Мядзведзь.

У 9 гадоў бацькі адвялі яго па аб'яве ў харстудыю ў надзеі, што хлопчыка навучаць спяваць. Але вучылішча аказалася харэаграфічным, аднак сям'я не памылілася, бо зараз пастаноўкі Валянціна Дудкевіча вядомыя і нават хрэстаматыйныя. Рос пры Вялікім тэатры, дзіцем удзельнічаў у рэпертуары і ведаў на памяць нават оперныя партыі. Аднак прэм'ерам балетнай сцэны Дудкевіч так і не стаў, у філармонію завабіў большы заробак.

Вось ужо больш за 30 гадоў імя Валянціна Дудкевіча трывала звязана з Дзяржаўным ансамблем танца. Гэта зараз калектыў носіць званне заслужанага, а ў свой час Дудкевіча прызначылі, каб выратаваць трупу і падняць узровень майстэрства.

Валянцін Дудкевіч пагарджаў фальклорам, бо быў выдатнікам класічнай школы. Але праз гады ён стаў наватарам, аб'яднаўшы акадэмічныя па з народнымі скокамі. Дзякуючы гэтаму з'явіліся легендарныя пастаноўкі, якія ўжо сталі нацыянальнай класікай.

Спачатку касцюмы, а потым танец. На пачатку 90-х у пошуку мадэляў для ўбораў у тэхніцы батык да Валянціна Дудкевіча звярнулася студэнтка- мастачка. Але яе творы так уразілі харэографа, што і засталіся ў калектыве. На матыве гэтых сукенак узнікла легендарная пастаноўка "Спеў дубраў". Яна ўжо 25 гадоў зрывае авацыі і асаблівай папулярнасцю карыстаецца на замежных пляцоўках.

Без Дзяржаўнага ансамбля танца ўжо складана ўявіць маштабныя фестывалі, значныя прыёмы дзяржаўнага ўзроўню, а таксама дні культур нашай краіны за мяжой. Калектыў выступаў 8 разоў у Бразіліі, 9 у Штатах, 14 у Іспаніі, 12 у Італіі - і гэта толькі малая частка гастрольнай геаграфіі.