У Заслаўі ладзіцца свята музыкі

22 января 2016

Старажытнае Заслаўе сёння - адкрытая пляцоўка для музычных імпрэз. 16-ты раз там ладзіцца свята музыкі. Ва ўнісон з юнымі і папулярнымі выканаўцамі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга гучыць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр. Сімвалічна, што 2016-ты - Год культуры - у Мінскай вобласці распачаўся менавіта музычным фэстам у Заслаўі. Рэпартаж Юліі Токар.

Юная віяланчэлістка - дзесяцігадовая Таццяна Кулікова з імпэтам іграе беларускую класіку. Дарэчы, на мінулым абласным фестывалі музыкі дзяўчынка заняла другое месца. Сёлета на свяце выконвае кампазіцыю Багатырова.

16-ты раз Заслаўе ператварылася ў адкрытую пляцоўку для музычных імпрэз. На адной сцэне як прафесіяналы, так і аматары. Пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга ладзіўся абласны конкурс юных выканаўцаў «Заслаўскі сшытак». Маладыя артысты выконвалі творы выключна беларускіх кампазітараў. Пераможцаў вызначылі ў дзвюх намінацыях «струнных” і “смычковых інструментаў». Удзел прынялі больш за за 20 таленавітых юнакоў вобласці - усе вучні мастацкіх школ.

За паўстагоддзя гэта школа мастацтваў выпусціла больш за дзве тысячы музыкантаў. Тут яны вывучаюць як народныя інструменты - баян, акардыён, цымбалы. Так і класічныя - фано, віяланчэль і скрыпку.

Падчас музычнага свята адкрылася мастацкая выстава Уладзіміра Рынкевіча. Акварэллю ён віртуозна піша карціны ў экспрэсіўна-рацыянальным стылі. На экспазіцыі 30 палотнаў, на некаторых майстар нават змог перадаць музыку... праз фарбы.

Завяршыўся музычны дзень эстрадным канцэртам заслужаных артыстаў.