У XI Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур прымаюць удзел 37 народнасцяў

4 июня 2016

Гродна святкуе фестываль нацыянальных культур. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў арганізатараў, удзельнікаў і гасцей фестывалю з адкрыццём форуму. У гэтыя хвіліны ў горадзе над Нёманам праходзяць канцэрты і ўжо афіцыйна адкрыліся нацыянальныя падвор'і ўдзельнікаў.

У XI Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур прымаюць удзел 37 народнасцяў. Гэта як нашы бліжэйшыя суседзі - рускія, палякі, украінцы, літоўцы, латышы, так і прадстаўнікі далёкіх кантынентаў - Венесуэлы, Кітая, Карэі, Ірана, Лівана, ЗША і Англіі. Па словах арганізатараў, увага замежных гасцей да фестывалю сведчыць аб павазе нацыянальнай і міжкультурнай палітыкі Беларусі.

Уладзімір Краўцоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама: "Гродзенская вобласць - поліэтнічны край. Напэўна, самы поліэтнічны з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Тут у нас пражываюць прадстаўнікі 92-х нацыянальнасцяў. Мы імкнемся падтрымліваць тую згоду, якая гістарычна склалася на нашай гродзенскай зямлі. Гэты фестываль яшчэ раз гаворыць аб тым, што нам гэта ўдаецца".

Фестываль адкрыўся шэсцем удзельнікаў свята па цэнтральнай вуліцы Гродна. Парад нацыянальнасцяў сабраў тысячы гледачоў. Зараз жа горад нагадвае адну вялікую палітру - вакол гучаць песні, іграе музыка з усіх кантынентаў, гараджане з задавальненнем развучваюць сезнаёмыя танцы і спрабуюць кухні народаў свету.