У выхадныя дні ў сталіцы - кірмаш беларускіх рамеснікаў

14 декабря 2016

Паўтысячы народных умельцаў прывязуць свае дызайнерскія ўпрыгажэнні, прадметы інтэр'ера, сувеніры да Новага года. Многія майстры сёння звяртаюцца да прабабуліных тэхнік і вынаходзяць свае  методыкі. Сярод іх рукадзельніца Вікторыя Кляўко.

Зімовымі вечарамі маці і дачка бавяць час не за душэўнымі размовамі ці кубкам гарбаты - старанна працуюць з пражай і кручком. Аб'ядноўвае два пакаленні не толькі кроўная роднасць - страсцьда вязання. У дуэце пераплятаюць моцныя ніткі ў дываны, пуфы, пледы.

У цёплым мастацтве Вікторыя Кляўко літаральна паўгода. Здольнасць да вязанай творчасці натхніла гаспадыню зрабіць спачатку свой дом утульным.  Першы дыван не атрымаўся комам. Праз сацыяльныя сеткі аб таленце дзяўчыны даведаліся нават па-за межамі краіны.

Візітная картка рамесніцы - вязаная мазаіка. Для гэтага двухметровага пано Вікторыя Кляўко нарыхтавала больш за сем дзясяткаў рознакаляровых пазлаў з пругкіх шнуроў. За адной коўдрай для падлогі праводзіць па тыдні.

За аснову вязанага дэкору аўтар выкарыстоўвае баваўняную і сінтэтычную пражу. Апошняя больш складаная для рукадзелля: ад жорсткіх нітак застаецца напамін аб стараннай працы ў выглядзе мазалёў.

Вязаным покрывам уцяпляе не толькі падлогу. Прапаноўвае міні-модулі для захоўвання як канцылярскіх прадметаў, так і часопісаў. Да Новага года пераплятае рознакаляровую пражу з бліскучымі стужкамі на белым і чорным фоне.

 Вязаныя фрэскі, дызайнерскія скрыні і ўтульныя дываночкі Вікторыя Кляўко рыхтуе ў тым ліку для навагодняй выставы, якая пройдзе ў сталіцы ў апошнія дні снежня.