У Вязынцы прайшоў этнафестываль

9 июля 2016

Сапраўды самабытны каларыт сёння ацанілі госці этнафестывалю ў Вязынцы. Свята паэзіі, песні і народных рамёстваў сабрало некалькі тысяч людзей на малой радзіме вялікага песняра Янкі Купалы. Удзельнікі чыталі вядомыя вершы народнага паэта, плялі самы вялікі купальскі вянок, а таксама атрымлівалі асалоду ад кветкавых дэфіле ў нацыянальных касцюмах.

Рэпартаж Надзеі Сербіненкі.

Вязынка - невялікае мястэчка ў Маладзечанскім раёне - сёння сабрала некалькі тысяч наведвальнікаў. Малая Радзіма Янкі Купалы паводле традыцыі прымае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў. Тут вялікага песняра цытуюць, спяваюць, малююць і, вядома, дэкламуюць.

Але Вязынка шчыра прымае не толькі літаратараў, а усіх аматараў творчасці. Конкурс на найлепшы купальскі вянок і букет сабраў амаль два дзясяткі прафесійных фларыстаў. Мадэлямі для дэфіле выступілі таксама карэспандэнты і вядучыя Агенцтва тэленавін.

Мікіта Баніс - самы юны ўдзельнік фларыстычнага конкурсу. За кветкавым матэрыялам для букета юнак адправіўся ў рапсавае поле - там ён і знайшоў натхненне.

Кульмінацыяй купальскага вечара стаў спуск на ваду гіганцкага вянка.

Пераможца кветкавага конкурсу ў Вязынцы - аўтар найлепшага купальскага вянка - прадставіць Беларусь на міжнародным кубку фларыстаў ў Мальце. Ён адбудзецца ў маі наступнага года.