У Віцебску завяршыўся першы конкурсны дзень дзіцячага вакальнага спаборніцтва

8 июля 2019
Падзеі нашай гісторыі  штораз як новы напамінак, якая высокая цана міру, і як важна ўмацоўваць славянскае адзінства. Добры прыклад таму - фестываль "Славянскі базар у Віцебску". На мове мастацтва - да міру  і паразумення.  Нягледзячы на тое, што афіцыйнае адкрыццё 28-га  музычнага форуму адбудзецца толькі 11 ліпеня, гадзіну назад завяршыўся першы конкурсны дзень дзіцячага вакальнага спаборніцтва. Беларусь сёлета прадстаўляе Ксенія Галецкая. Упершыню на дзіцячым конкурсе гучала  мова хіндзі - у Віцебск па перамогу і яркія эмоцыі прыехала юная артыстка з Індыі. Усе навіны з фестывальных пляцовак - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Да афіцыйнага адкрыцця яшчэ два дні, але гісторыя XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ўжо пішацца. Так, за спінай  першы конкурсны дзень дзіцячага музычнага спаборніцтва. На сцэну канцэртнай залы "Віцебск" выйшлі 21 канкурсант з 21-й краіны свету. Гучалі песні на роднай мове вакалістаў. 

Яны амаль не хвалююцца, з задавальненнем даюць інтэрв'ю і па-дзіцячаму нязмушана распавядаюць, якое жаданне загадалі напярэдадні, падчас жараб'ёўкі, націраючы  чароўны збан старога Хатабыча. 

Дарэчы, чароўная гісторыя пра джына, расказаная пісьменнікам з Віцебска Лазарам Лагіным, будзе суправаджаць удзельнікаў на працягу ўсяго конкурсу. Кожны год цэлая рэжысёрская каманда працуе над тым, каб прыгода пад назвай "Славянскі базар" для яго самых юных удзельнікаў запомнілася надоўга. 

Беларуская канкурсантка Ксенія Галецкая сёння выйшла на сцэну васямнаццатай. Ксенія родам з Гомеля, музыкай захапляецца з шасці гадоў, вывучае тры замежныя мовы. А сёння спявае на роднай беларускай - у яе выкананні гучыць песня "Грай". Спецыяльна для юнай вакалісткі гэтую кампазіцыю напісала Анастасія Марчук. 

У журы, як заўсёды, вядомыя і аўтарытэтныя людзі: выканаўцы, кампазітары, прадзюсары. Старшынствуе папулярны шведскі спявак Босан. На "Славянскім базары" ён не ўпершыню. Спадабалася. 

Сёлета на фестываль у Віцебску прыедуць больш як пяць тысяч гасцей. Служба размяшчэння і служба акрэдытацыі пераходзяць на працу ў кругласутачным рэжыме. У бэджаў, якія атрымліваюць артысты, журналісты, працаўнікі тэхнічных служб,  новы дызайн.

Апошнія падрыхтоўкі да прыёму знакамітых гасцей у гатэлях горада. Вось гэты нумар з чырвонай мэбляй, рэпрадукцыямі  работ Шагала і відам на купалы Успенскага сабора чакае Надзею Кадышаву. Кожнаму без выключэння пастаяльцу - салодкі камплімент ад гатэля. 

Ужо заўтра на галоўнай фестывальнай пляцоўцы,  у Летнім амфітэатры,  першы канцэрт. Гэта будзе "Уверцюра да фестывалю: ад класікі да рока". У праграме заўтрашняга дня шмат выстаў, і зноў інтрыга: другі конкурсны дзень дзіцячага вакальнага спаборніцтва.