У Віцебску сёння ўрачыста адкрыецца Міжнародны фестываль "Славянскі базар"

12 июля 2018

Пачнём з падзеі, без якой ужо немагчыма ўявіць ніводнае беларускае лета. У Віцебску, які гэтымі днямі стаў эпіцэнтрам навінавага і культурнага жыцця, у гэтыя самыя хвіліны гучаць фанфары Міжнароднага фестывалю "Славянскі базар". А гэта значыць свята пачалося! Форум - візітная картка нашай краіны. У фестывальныя дні сюды з'язджаюцца таленты з розных куткоў зямлі. І кожны нясе сваю самабытную культуру, напаўняючы фестываль яркімі фарбамі. Гэта па праве музычнае свята, якое аб'ядноўвае. Гэта адзначаюць і ўдзельнікі фестывалю, і ганаровыя госці. Пасланне ўдзельнікам "Славянскага базару" накіравала Гендырэктар ЮНЕСКА, выказаўшы падзяку Прэзідэнту краіны за аб'яднанне людзей з усяго свету на гэтым натхняльным форуме.

Такім чынам, цырымонія адкрыцця праходзіць у гэтыя хвіліны. Удзел Кіраўніка дзяржавы ў ёй - непарушная традыцыя. Ужо хутка наш тэлеканал пачне трансляцыю галоўнага гадовага шоу. Пачатак у 22:00. Але атмасферу "Славянскага базару" мы зможам перадаць ужо зараз. Побач з канцэртнай пляцоўкай працуе наш карэспандэнт Ніна Мажэйка.

Фестывальны карабель расправіў валошкавыя ветразі і накіроўваецца на малую радзіму. Менавіта гэтай тэме прысвяцілі канцэрт - адкрыццё міжнароднага форуму. 35 нумароў праграмы вернуць гледача да вытокаў. Кожнага да сваіх, у тым ліку і артыстаў.

Апоўдні ў Віцебску было вельмі горача. Фестывальны дзень пачаўся са спецэфектаў. А дакладна з вадаспаду - падчас урачыстай цырымоніі ўпершыню пратэсціравалі воданапорныя шлангі ў якасці сцэнічнага абсталявання. Вальсы ад хадулістаў і маршы ад барабаншчыц.

Павысіў агульны градус феерверк на Алеі зорак. Тут з'явілася імя Розы Рымбаевай. Яе лірычнае сапрана запомнілася гледачам па песні "Каханне настала". Сёлета Роза Куанышаўна яшчэ і член журы. Падвойнае прызнанне і падвойная адказнасць.

А ў Летнім амфітэатры ўсю ноч і ўвесь дзень ішлі рэпетыцыі. У Віцебск артысты прывозяць монаспектаклі. Тэт-а-тэт з віцебскім гледачом выходзяць падрыхтаванымі.

Сур'ёзны падыход і зладжанасць дзеянняў - бадай, галоўныя характарыстыкі канкурсантаў дарослага конкурсу выканаўцаў. Іх пуцяводная зорка - песня эстрадная. А вось нумар выбіралі самі ў кампаніі свяціл зямных. Так, беларускаму дэлегату на форуме дастаўся нумар 8 у адборачным паўфінале.

Сёння падвялі вынікі Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. Дзеці па традыцыі выступаюць першымі ў конкурсных баталіях. Уладальнікам Гран-пры стаў украінец Аляксандр Балабанаў. Галоўны трафей - "Залатую ліру" - яму ўручыць асабіста Кіраўнік дзяржавы. А заўтра гала-канцэрт і цырымонію ўзнагароджання ўдзельнікаў можна будзе ўбачыць на тэлеканале "Беларусь 3". Трэцяя кнопка рыхтуе штодзённы фестывальны дайджэст, а таксама паказвае самыя яркія канцэрты, таму застацца ўбаку ад "Славянскага базару" немагчыма.