У Віцебску сёння стартуюць першыя праекты 25-га юбілейнага "Славянскага базара"

12 июля 2016

У Мастацкім музеі пройдзе адразу некалькі прэзентацый выстаў, а на сцэне тэатра імя Якуба Коласа - "Тэатральныя сустрэчы". У 22:00 у Летнім амфітэатры з сольнай праграмай выступіць Сяргей Лазараў. Усяго ж за час міжнароднага форуму ў Віцебску пройдзе 130 мерапрыемстваў. Рэкордным юбілейны фестываль будзе па колькасці краін-удзельнікаў, сёлета іх 44. Упершыню прыедзе прадстаўнік з Калумбіі.

Аляксандр Сідарэнка, дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску": "Служба рэгістрацыі зарэгістравала больш як чатыры з паловай тысячы ўдзельнікаў. І гэта не мяжа. Яшчэ прыбываюць і прыбываюць удзельнікі на фестываль. І наперадзе яшчэ прыбыццё асноўнай масы артыстаў і ўдзельнікаў. У нас усё ў такім нармальным рабочым фестывальным рэжыме".

Падчас "Славянскага базара" многія службы пяройдуць на кругласутачны рэжым працы. Для зручнасці гасцей і ўдзельнікаў форуму гарадскі транспарт будзе працаваць да 3 ночы з 12 па 20 ліпеня.