У Віцебску прайшло ўрачыстае закрыццё 24-га "Славянскага базару"

14 июля 2015

Беларусь - цэнтр палітычнага і культурнага міжнароднага дыялогу. Аб гэтым напярэдадні заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі закрыцця 24-га Міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, віцебскі форум набывае асаблівае значэнне ў справе ўмацавання міру і ўзаемаразумення паміж народамі.

Аб выніках маштабнага фестывалю - Аляксей Адашкін.

24-ты раз запар у горадзе на Дзвіне практычна ў рэжыме нон-стоп праходзілі канцэрты, выставы, творчыя сустрэчы, перфомансы і выступленні зорак рознай велічыні - ад праслаўленых, заслужаных і сапраўды народных да пачаткоўцаў і дзёрзкіх. І з кожным годам у Віцебск прыязджае ўсё больш гасцей з розных краін свету. Прычым, "Горад майстроў" і шумныя вулачкі старога Віцебска сталі такім жа брэндам "Славянскага базару", як і знакаміты Летні амфітэатр.

У дырэкцыі фестывалю падлічылі, што за гады існавання "Славянскага базару" ў Віцебск прыязджалі госці з 70-ці краін свету. Летась Гран-пры конкурсу эстрадных выканаўцаў заваяваў прадстаўнік Мексікі. Што нават выклікала ўсплёск цікавасці да гэтага свята песні ў краінах Лацінскай Амерыкі.

У 2009-м годзе на ніжняй тэрасе Летняга амфітэатра ў Віцебску з'явілася ўласная Алея зорак. Зараз тут высечана ў камені ўжо 11 імёнаў выдатных артыстаў і кампазітараў айчыннай і замежнай эстрады. Аб'ядноўвае іх не толькі значны ўклад у развіццё сучаснай культуры і мастацтва, але ўсе гэтыя людзі з'яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Тут жа, на Алеі зорак, знаходзіцца і павялічаная копія гэтага ганаровага прыза.

Хутка і насычана прайшлі пяць дзён фестывалю. І вось у Віцебску - самая яркая і хвалюючая для канкурсантаў частка музычнага свята - цырымонія закрыцця, у якой прыняў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы параўнаў гэты маштабны музычны форум з летняй культурнай алімпіядай. "Славянскі базар" зарэкамендаваў сябе як месца, дзе людзі разумеюць, як многае збліжае ўсіх нас і як патрэбен нам мір.

Сімвалічна, што менавіта на "Славянскім базары" Прэзідэнт уручае спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Сёлета лаўрэатам стаў народны артыст Азербайджанскай ССР Палад Бюльбюль-аглы. Легендарны спявак і кампазітар сардэчна падзякаваў Аляксандру Лукашэнку і прапанаваў Кіраўніку дзяржавы далучыцца да кранальнай акцыі. Удзельнікі фестывалю стварылі сімвалічнага голуба міру, на якім папрасілі Прэзідэнта распісацца.

Яшчэ адна ўзнагарода, якую ўручыў Прэзідэнт, прычым, упершыню, гэта спецыяльны прыз за яркае выкананне песень славянскіх народаў. Яго лаўрэатам стала Ганна Цвердаступ з Украіны. Дарэчы, рэкорднай была колькасць заявак на конкурс эстрадных выканаўцаў сёлета. Праз сіта нацыянальных адбораў прайшлі звыш чатырох сотняў артыстаў. У выніку ў Віцебск запрасілі 21 з іх. У выніку Гран-пры конкурсу, а разам з ім і 20 000 долараў атрымаў 21-гадовы Дзімаш Кудайберген з Казахстана. Першае месца заняла наша суайчынніца Валерыя Грыбусава. Другую прэмію атрымаў Мікалай Маналаў з Балгарыі. Прадстаўніца Украіны Ганна Цвердаступ і Сафі з Грузіі ўдастоеныя трэцяй прэміі. Ну а радасць ад прагляду канцэртаў "Славянскага базара" атрымалі тэлегледачы з усяго свету.