У Віцебску прэзентавалі фірменны стыль "Славянскага базару - 2016"

11 февраля 2016

Ён будзе выкарыстаны для вырабу вонкавай рэкламы, відэакантэнту і сувеніраў. Асновай колеравай гамы стаў колер васілька - сімвала міжнароднага фестывалю. Сам лагатып форуму афарбаваны ў белы. Паводле задумкі дызайнераў, менавіта гэты колер адлюстроўвае абнаўленне і пераход фестывалю на новы ўзровень. Сёлета "Славянскаму базару" спаўняецца 25 гадоў. Яркім дапаўненнем фірменнага стылю сталі люстраныя крысталы і зіхатлівыя шары з беларускім арнаментам і флагамі краін, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў "Славянскім базары".

Дакладныя даты правядзення "Славянскага базару" пакуль трымаюцца ў сакрэце. Вядома, што міжнародны фестываль пройдзе ў другой палове ліпеня. Зараз арганізатары працуюць над праграмай юбілейнага форуму.