У цэнтры Мінска пабудавалі бразільска-беларускі горад

11 ноября 2014

Сёння на плошчы Якуба Коласа адбылося ўрачыстае адкрыццё. Бібліятэка-брыльянт, статуя Хрыста, 15-ы корпус БНТУ, сабор Прасвятой Дзевы Марыі, безумоўна, у тысячы разоў меншыя за арыгіналы. Дарэчы, новы горад складаецца выключна са славутасцяў Беларусі і Бразіліі. Аляксандра Драгун адна з першых зрабіла сэлфі ля помнікаў культуры іншага кантыненту.


За ўзвядзенне гэтага горада ўзяліся вулічныя мастакі. Спатрэбіўся ўсяго тыдзень. У творчым тандэме беларусы і бразільцы разам стварылі міні-копіі нацыянальных помнікаў культуры.


Тут побач з бібліятэкай-брыльянтам - стадыён Маракана і сабор Прасвятой Дзевы Марыі. Дакрануцца да кожнага дазваляюць, увайсці - не атрымаецца.


Горад складаецца з 10 будынкаў, а дакладней, помнікаў культуры. Каб размаляваць знакамітыя прататыпы, спатрэбілася каля 1000 літраў фарбы і 600 рознакаляровых спрэяў.


Па вуліцах новага горада курсіруе адзіны аўтобус - нумар 100. Мастакі вырашылі і яму таксама надаць статус славутасці. Бо гэта адзіны від грамадскага транспарту, які курсіруе па цэнтральных вуліцах Мінска як экскурсійны.


Макеты славутасцяў - з пенапласту і пластыку. Інсталяцыі для мастакоў ствараў адзін майстар - Андрэй Бусел. Фарбы падбіралі ў адпаведнасці з асабістай фантазіяй.


Дэтальна разгледзець новыя славутасці можна на працягу месяца. А ў наступным годзе мастакі збяруцца зноў, каб расфарбаваць гарадскія вуліцы.