У цэнтры Мінска, на набярэжнай Свіслачы, размясціўся горад майстроў

29 июня 2019

Парад сваіх дасягненняў удзельнікам і гасцям II Еўрапейскіх гульняў дэманструюць  сёння і беларускі рамеснікі. У цэнтры Мінска, на набярэжнай Свіслачы, размясціўся горад майстроў, у якім дзясяткі народных умельцаў спаборнічаюць паміж сабой. 

Наталля Бардзілоўская пабывала на кірмашы.  

Некалькі ўдараў молата па кавадле - і Лесік на манетцы! Пад золата ці пад серабро - з самага даўгавечнага матэрыялу талісман раз'едзецца па свеце. Гэты  ўжо ў руках малдаўскіх гасцей. 

Акрамя выбару, кірмаш уражвае дзействам. Тут не проста латкі з таварам - кожны прадавец (ён ж мастак)  гатовы паказаць, якім чынам ствараецца сувенір, расказаць гісторыі і паданні пра яго і нават даць майстар-клас пакупніку прама на месцы. Такім чынам, перш чым дастаць кашалёк, замежныя госці бяруць у рукі іголку з ніткай (для беларускай вышыўкі)  ці пэндзаль з фарбамі (каб распісаць сувенір). 

Горад майстроў сабраў як вядомых, так і мастакоў-пачаткоўцаў, якія дэманструюць дзясяткі відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта творцы са сталіцы і з розных рэгіёнаў Беларусі. Майстры падрыхтавалі не толькі беларускія сувеніры, яны ўлічылі і нацыянальныя асаблівасці, густы і інтарэсы нашых замежных гасцей.

Драўляных спраў майстар  Юрый з Лунінца спецыяльна рыхтаваўся да спартыўнага форуму. Канёк яго прапаноў - фігуркі-ідалы старажытных багоў. Прычым не толькі славянскіх, але і краін Еўропы і Азіі. У сувенірным карагодзе  германскі кобальд Бірзал, літоўская міфалагічная прыгажуня Дэйвэ, аварскі хатні дух Каж.

Посуд, амулеты, упрыгажэнні і цацкі - усё з цёплых матэрыялаў, насычаных льняным алеем, якія валодаюць цудадзейнымі ўласцівасцямі. Уладзімір з Мінска заахвочвае пакупнікоў парадамі і сакрэтамі беларускіх народных лекараў, якія прыкладае да кожнага сувеніра.

Лідар продажу ў горадзе майстроў - адзенне з лёну. Старадаўні матэрыял, які ніколі не выходзіць з моды, аўтэнтычны крой і вышыты беларускі ўзор - турысты не праходзяць міма.

Зона гасціннасці - яшчэ адзін кірмаш беларускага hand made разгарнуўся і ў скверы Дзяржынскага побач са стадыёнам "Дынама". Беларускае прыкладное мастацтва прэзентуюць і больш чым на сотні гандлёвых пунктаў Мінска.