У Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага гукалі вясну

6 апреля 2013

Расказвае Антаніна Станкевіч: Сёння, у 127 дзень зімы, мінчане зноў сабраліся на гуканне вясны. Жарты жартамі, а гэта ўжо трэці вясновы абрад у гэтым годзе. Скокі ў Вязынцы. Сустрэча з бабкай-павітухай у Строчыцах. І вось сёння мінчане стварылі першае вясновае дрэва і ў сталіцы.


 


Нягледзячы на зусім не вясновае надвор'e, некалькі соцень жыхароў сталіцы прыйшлі сёння сустрэць Прыгажуню-вясну і атрымаць яе віншаванні.


Мінчане ўдзельнічалі ў карагодах, танцах і набывалі вырабы народных майстроў. Традыцыйна сёння ў парку можна было пачаставацца гарачай гарбатай і ласункамі.


Кульмінацыяй свята стала спальванне лялькі Марэны. Менавіта гэта пудзіла з'яўляецца адным з самых важных сімвалаў зімы. Застаецца спадзявацца, што менавіта гэтага магічнага рытуалу і не хапала ў гэтым годзе, каб, нарэшце, прымерыць свой новы дэмісезонны абутак.