У томе дакументаў ХІХ стагоддзя знайшлі пацешную замалёўку

14 мая 2018

Дзіцячы малюнак, які стаў сенсацыяй. У томе афіцыйных дакументаў ХІХ стагоддзя спецыялісты Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі знайшлі невядомы накід. Гэта пацешная замалёўка хімічным алоўкам. Гісторыя знаходкі - у сюжэце Наталлі Бардзілоўскай.
Тое, што адразу кідаецца ў вочы: па дзявочых шчочках цякуць слёзкі. Матуля чымсьці пакрыўдзіла дачку ці дзяўчынка проста капрызнічае? На малюнку, здавалася б, кожнаму знаёмая сямейная сітуацыя. Але здзіўляе тое, што гэта гісторыя ажно ХІХ стагоддзя. Накід інфармуе нас, сучаснікаў, не толькі пра тагачасную моду, але і пра ўласную дзіцячую скаргу. Больш уражвае тое, што малюнак маленькая рука зрабіла на старонцы найсур'ёзнейшага дзяржаўнага дакумента - у кнізе імператарскіх указаў Мінскаму дэпутацкаму сходу!
Сенсацыйную знаходку архіварыус больш як з 25-гадовым стажам Ірына Вернер зрабіла падчас даследавання аднаго з дваранскіх радаводаў. Праўда, імя таго таты, які прагледзеў хімічны аловак у дзіцячай руцэ і сапсаваў афіцыйны дакумент, пакуль высвятляецца. Увогуле ж для тых часоў характэрны міні-жывапіс на палях.
У Нацыянальным гістарычным архіве нам паказалі дакумент 1556 года, дзе пісар намаляваў караля Жыгімонта (відаць, капіраваў з манеты) і постаць кіеўскага мітрапаліта: вось ён, у вобразе анёла з крыжам. Пад датай 1571 года - ці то лясная, ці то хатняя жывёла на старонцы грунтоўнага тома. А вось - рэдкі прыклад ці то жартаванняў, ці то здзекаў пісараў XVI стагоддзя!
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі захоўвае больш за мільён адзінак. Кожны дакумент валодае пэўнай загадкай. Вось самы старажытны дакумент архіва датаваны 1391 годам. Гэта прывілей - дазвол на валоданне чымсьці, дык вось прывілей падольскіх князёў Карыятавічаў быў адрасаваны аднаму з іх слуг. Дакумент на старажытнаўкраінскай мове: як з'явіўся ў Беларусі, калі і каму з беларусаў належыў - па сённяшні дзень таямніца!
Большасць з архіўных тамоў не адкрываліся з часоў іх стваральнікаў. Такім чынам, для сённяшніх архіварыусаў хапае працы, для нас - утоеных сенсацый.