У сталіцы завяршыўся XXIV Мінскі міжнародны кніжны кірмаш

12 февраля 2017

Сёння ў сталіцы завяршыўся XXIV Мінскі міжнародны кніжны кірмаш. Сотні экспанентаў з больш чым 30-ці краін размясцілі на трох тысячах квадратных метраў выставачнага комплексу "Белэкспа". Краінай-гаспадыняй сёлета стала Вялікабрытанія.

Радзіма Шэкспіра не толькі прэзентавала свае выданні, але і актыўна ўключылася ў працэс аб'яднання культур Беларусі і Англіі. Тым больш што 500-годдзе беларускага кнігадрукавання - нагода для сумеснага супрацоўніцтва, бо ў Брытаніі сёння створана самая вялікая ў Заходняй Еўропе калекцыя беларускіх кніжных помнікаў, а ў Лондане дзейнічаюць бібліятэка і музей Скарыны, які з'яўляецца цэнтрам беларускай дыяспары.

У Мінску эксперты дзвюх краін на тыдні пачалі перамовы наконт магчымага экспанавання беларускіх фаліянтаў на радзіме. Мы атрымалі электронныя копіі выданняў Скарыны, што захоўваюцца ў англійскіх бібліятэчных фондах. Такая віртуальная рэстытуцыя дазволіла беларусам уключыць іх у факсімільныя выданні. Дарэчы, сучасная дакладная копія скарынаўскай спадчыны ўзяла Гран-пры нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі".