У сталіцы працуе незвычайны цэнтр машыннай вышыўкі

2 марта 2016

Штодзённікі, прадметы адзення і інтэр'еру з унікальным дызайнам. У сталіцы працуе незвычайны цэнтр машыннай вышыўкі. Пераўтварыць ідэю ў прыбытковы занятак змаглі студэнты БНТУ пры падтрымцы стартап-цэнтра ўніверсітэта. Там дапамаглі знайсці памяшканне і абсталяванне, распрацаваць бізнес-план. Такое ўзаемадзеянне – выдатная магчымасць зрабіць кар'еру з першых курсаў. Над стварэннем паспяховага брэнду зараз працуюць восем чалавек.

Віталь Гмырак, кіраўнік стартап-цэнтра БНТУ:

"Асноўная мэта цэнтра - дапамагаць маладым людзям, навукоўцам, спецыялістам, студэнтам рэалізоўваць іх уласныя прадпрымальніцкія ідэі.

У нас на пастаяннай аснове арганізаваны бізнес-клуб, куды прыходзяць маладыя людзі са сваімі праектамі і ідэямі з аднаго боку, з другога, мы збіраем паспяховых бізнесменаў, інвестараў, экспертаў у розных галінах".

Анастасія Волкава, студэнтка БНТУ, заснавальніца цэнтра машыннай вышыўкі:

"Мы вырабляем абсалютна любую прадукцыю з нанясеннем машыннай вышыўкі.

З раніцы вучымся, вечарам працуем. Нам вельмі падабаецца, таму што, ведаеце, няма такога, што трэба ісці на працу. Гэта тое месца, куды мы прыходзім з задавальненнем".

У цэнтры выконваюць сотні заказаў за месяц. Над стварэннем новых малюнкаў і ўзораў працуюць дызайнеры. На падрыхтоўку адной выявы неабходна некалькі гадзін.