У сталіцы ладзілі новы культурны праект "Мінск - горад прыгажосці"

2 мая 2017

Апошнія б’юці-тэндэнцыі на пляцоўцы ля ратушы - у сталіцы ладзілі новы культурны праект «Мінск - горад прыгажосці». На подыуме эксклюзіўныя калекцыі беларускіх дызайнераў, у барбершопах - стыльныя стрыжкі, ад рамеснікаў і архітэктараў – інтэрактыўныя майстар-класы. Гістарычная частка сталіцы на адзін дзень ператварылася ў сапраўдную індустрыю прыгажосці. Як стартаваў музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе, рэпартаж Юліі Токар.

Апошнія тэндэнцыі моды з адкрытай пляцоўкі ля ратушы. На подыуме беларускія дызайнерскія калекцыі для дзяцей і дарослых. А побач невыпадкова працуюць салоны прыгажосці і барбершопы.

Цырульнікі, візажысты, дызайнеры - на адзін дзень гістарычная частка сталіцы стала цэнтрам б’юці-індустрыі. “Мінск - горад прыгажосці” - не толькі назва новага праекта, а ўдалае параўнанне.

Прыгажосць выратуе не толькі свет, яна здольная ажывіць нават жалеза. У руках рамесніка Дзмітрыя Васілеўскага старыя металічныя цвікі, відэльцы, гайкі становяцца адмысловымі элементамі мастацтва. Яго серабрыстыя каты, драўляныя замкі і імправізаваныя мумій-тролі вядомыя ў Расіі, Славакіі і нават Індыі.

Адмысловая мэбля з вулканічнай лавы, экзатычныя расліны і інсталяцыя з літар да 500-годдзя кнігадрукавання - Верхні горад на 10 дзён ператварыўся ў арт-пляцоўку ландшафтнай архітэктуры і дызайну.

А ў гэтым арт-аб'екце Мінск можна ўбачыць з розных бакоў і ў розных адценнях. Праз яркія каляровыя фільтры кафедральны сабор становіцца чырвоным. А ратуша нават ў пахмурнае надвор'е сонечна жоўтая. Такі цікавы каларбокс змайстравала студэнтка Беларускай акадэміі мастацтваў.

Гэтымі праектамі далі старт музычна-турыстычнаму сезону ў Верхнім горадзе. Наперадзе джазавыя вечары, батлы вулічных музыкантаў, дні нацыянальных культур. А ў найбліжэйшую суботу апоўдні тут пройдзе пяты форум вулічных тэатраў, які па традыцыі пачнецца карнавальным шэсцем.