У спартыўнай вёсцы II Еўрапейскіх гульняў з'явіцца беларускі культурны цэнтр

20 февраля 2019

Нацыянальныя традыцыі праз прызму музейных прадметаў. Да праграмы II Еўрапейскіх гульняў падключаецца і Гістарычны музей. У спартыўнай вёсцы з'явіцца беларускі культурны цэнтр. Платформу падзеляць на тэматычныя блокі. У экспазіцыю ўвойдуць творы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, народныя рамёствы, а таксама мультымедыйная кніга "Скарбы Нацыянальна гістарычнага музея" і праекцыя Крэўскага замка. Адкрыюцца штодзённыя майстар-класы па пляценні і вырабе сувеніраў з гліны. Таксама дэлегатам прапануюць сплесці пояс сяброўства.

Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Гэта будзе той культурны пункт, які змогуць наведаць спартсмены, сродкі масавай інфармацыі, акрэдытаваныя асобы, валанцёры, якія будуць задзейнічаныя. І з улікам вельмі напружанага графіку не выключана, што ў нашых паважаных спартсменаў, якія прыедуць у Беларусь з розных краін, гэты цэнтр будзе адзінай магчымасцю дакрануцца да беларускай культуры, гісторыі".

Спартыўную тэматыку падтрымаюць і філіялы Нацыянальнага гістарычнага. У Музеі гісторыі беларускага кіно стартуе акцыя "О спорт, ты - жыццё". А ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці пройдзе выстава марак Белпошты.