Ужо заўтра ў 21:30 тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24" пакажуць прамую трансляцыю з комплексу "Арэна Армеец". Наш канкурсант выступіць пад нумарам 10. Свой выхад Руслан Асланаў рэпеціраваў сёння двойчы. З падрабязнасцямі з Сафіі Ніна Мажэйка.
Агляд урача-фаніятра - адзін з абавязковых ранішніх рытуалаў. Нумар у гатэлі пераабсталяваны ў медыцынскі кабінет. За звязкамі беларускага канкурсанта - яго галоўным інструментам на сцэне - сочаць двойчы на дзень. Выкананне галасавога рэжыму, спецыяльнае харчаванне без шыпучых напояў, вострага, кіслага. Да фіналу пад забаронай і арэхі.
На першую генеральную рэпетыцыю ўдзельнікаў "Еўрабачання" праводзяць іх каманды. Фае гатэля запоўнілася дэлегацыямі. Група падтрымкі Руслана павялічылася. З Мінска прыехалі яго бацька, брат, сябры і аднакласнікі.
Ужо ў грымёрцы да выхаду на сцэну рэпетыцыя з вакальным прадзюсарам. Руслан не толькі распяваецца, але выконвае дыхальную гімнастыку. Размінка для дыяфрагмы проста неабходна. Конкурсная песня "Чараўніцтва" патрабуе правільнага набору дыхання. З гэтым у Руслана ўсё ў парадку.
Да выхаду перад шматмільённай глядацкай аўдыторыяй рыхтуецца і 11-гадовая Валерыя Драбышэўская. Маленькая прынцэса свету 2014 аб'явіць балы ад Беларусі.
У канкурсантаў сёння два генеральныя прагоны. Рэпеціруюць у рэжыме прамога эфіру, у тым парадку, у якім будуць выступаць у дзень фіналу. Таму ўсё адбываецца вельмі хутка. Ніякіх прамаруджванняў - каманда працуе па секундах. Удзельнікі добра арыентуюцца на сцэне дзякуючы зялёнаму промню, які паказвае, у якое канкрэтна месцы трэба стаць.
На галоўнай пляцоўцы рэпеціруюць і пралог конкурсу. Сапраўдны парад флагаў краін - удзельніц шоу, а таксама агульная песня канкурсантаў. Усе дэталі цырымоніі адкрыцця арганізатары трымаюць у сакрэце. Яркі пралог гледачы тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24" у прамым эфіры ўбачаць ужо заўтра.
Беларускі канкурсант выступіў пад нумарам 10. Пакуль толькі на генеральнай рэпетыцыі. А ў суботу вечарам песню "Чараўніцтва" пачуе не толькі 8-тысячная арэна, але некалькі мільёнаў гледачоў.













