У Смалявічы з'ехаліся лепшыя рамеснікі з усёй Мінскай вобласці

15 апреля 2014
Сёння адкрыўся, бадай, самы светлы фестываль, прысвечаны Вялікадню. Усяго 22 майстры, якія акрамя прэзентацыі ўласных работ, маглі паспрабаваць свае творчыя здольнасці на майстар-класах.

Аляксандра Драгун далучылася да прыгатаванняў.

Вартыя яек Фабержэ! Узоры ручной працы атрымліваюцца ўсяго праз пару хвілін. На далікатнай шкарлупіне майстар Ала малюе вострым цвіком. У палітры выключна пчаліны воск і харчовая фарба.

Раней мастацкім роспісам яек займаліся толькі багатыя людзі. Прычым, не толькі на Вялікдзень. Для кожнага свята накшталт хрэсьбін ці дня нараджэння быў свой непаўторны сімвал. Цяпер выявы святых і аздабленне з саломкі па сілах рамеснікам. Нават на перапёлчыным яйку свой маляўнічы ўзор.

Упрыгажэнні з саломкі, бісеру, тканіны і штучных кветак... Усё на велікодную тэму! Народныя ўмельцы з кожнага раёна Мінскай вобласці раскрываюць сакрэты свайго майстэрства - ад скрапбукінгу да выцінанкі.


Ружовыя кветкі распускаюцца на чорнай тканіне... Узоры з бісеру красуюцца на шкле... Старажытныя тэхнікі прабабуль адраджаюць дзеці з Клецка!

Кошыкі з велікоднымі пачастункамі прапаноўваюць упрыгожыць птушкамі і вечназялёнымі кветкамі з саломы. Такая вытворчасць безадходная. Нават маленькія дэкаратыўныя дэталі вырабляюць з другасных матэрыялаў.

Да Велікодных свят застаецца менш за тыдзень. А таму самы час падрыхтавацца духоўна, каб з чыстымі сэрцамі і думкамі сустракаць Уваскрэсенне Хрыстовае.