У наступным годзе культурнай сталіцай Беларусі стане Маладзечна

6 ноября 2015

Акрамя горада сонца на ганаровы статус прэтэндаваў яшчэ адзін раённы цэнтр Мінскай вобласці – Слуцк. Але на калегіі Міністэрства культуры перавагу аддалі першаму. Літаральна праз два месяцы званне Маладзечна пяройме ў Брэста.

Дарэчы, горад сонца даўно стаў культурным цэнтрам сталічнага рэгіёна. Тут знаходзяцца два абласныя тэатры, краязнаўчы музей, чатыры музычныя школы, амфітэатр і Палац культуры.

Пра самабытнасць і спадчыну новай культурнай сталіцы раскажа Аляксандра Драгун. Тэатр памерам у двюхстворкавую шафу. Але гэтай невялікай плошчы хапае для спектакляў, дзе акцёры – лялькі. Акрамя традыцыйнай пастаноўкі "Цар Ірад" на біблейскі лад, прапануюць 35 п’ес – "Меч анёла", "Яна і я", "Снежная каралева", "Голы кароль".

25 гадоў таму Мінскі абласны тэатр лялек прапісаўся ў Маладзечне, як і драматычны. У тым ліку акцёраў для гэтых сцэн рыхтуюць у школе мастацтваў, якая таксама знаходзіцца ў горадзе. Прыязджаюць і выпускнікі са сталіцы.

Да юбілейнага сезона ў драматычным тэатры падрыхтавалі дзве прэм’еры – "Кот у ботах" і "Дзядькаў сон" паводле аповесці Дастаеўскага.

У Маладзечне толькі абласнога падпарадкавання чатыры ўстановы – два тэатры, краязнаўчы музей і музычны каледж імя Агінскага. І гэта з улікам таго, што жыхароў у горадзе менш за 100 тысяч. Таму Маладзечна па праве лічыцца культурнай сталіцай цэнтральнага рэгіёна, а ў наступным годзе атрымае высокі статус і ў маштабах краіны!

Традыцыя выбіраць культурную сталіцу мае пяцігадовую гісторыю. Сёлета ганаровае званне носіць Брэст. Падхопіць эстафету Маладзечна.

У Палацы культуры займаюцца народнымі танцамі, вакалам, тэатральным мастацтвам і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Усяго 34 калектывы, 12 з якіх маюць статус народнага, узорнага і заслужанага. З 4 гадоў для дзяцей прапануюць бальныя і харэаграфічныя напрамкі.

Штогод на сцэнах амфітэатра і Палаца культуры праходзіць да паўтысячы тэатральных, музычных і танцавальных фестываляў, а таксама выстаў. На гэтым тыдні зімовы сад упрыгожылі 26 аўтарскіх карцін Дзмітрыя Сакалоўскага – выпускніка і настаўніка каледжа імя Агінскага.

Маладзечна стане другім горадам Мінскай вобласці, які адзначылі за самабытнасць і захаванне культурнай спадчыны. У 2012-м культурнай сталіцай Беларусі быў Нясвіж.