У наступным годзе павінна завяршыцца рэстаўрацыя палацава-паркавага ансамбля ў Косаве

4 августа 2019

Вось ужо што з часам толькі набывае каштоўнасць - наша гісторыка-культурная спадчына. І наша задача не даць струхлець. У наступным годзе павінна завяршыцца рэстаўрацыя аднаго са знакавых турыстычных аб'ектаў Беларусі - палацава-паркавага ансамбля ў Косаве. Аднаўленчыя працы ідуць больш як 10 гадоў. Да прыходу рэстаўратараў у будынку слаба адгадвалася яго гістарычнае мінулае. У ім не было ні вокнаў, ні дзвярэй, ні перакрыццяў. Усё дзесяцігоддзямі руйнавалася. 

Магчыма, сваю ролю выканалі вядомыя ў савецкі час табу адносна "ідэалагічна чужой" гістарычнай спадчыны. Па сутнасці, на месцы радавога гнязда Пуслоўскіх былі руіны. Пераломны момант наступіў у суверэннай Беларусі. Палац унеслі ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці і прысвоілі першую ахоўную катэгорыю. 

Захаванне помнікаў архітэктуры - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Беларусі. У краіне дзейнічае інвестыцыйная праграма па аднаўленні аб'ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Палац у працэсе аднаўлення, але турысты ўжо едуць. Тут адчыненыя некалькі экспазіцыйных зал. Толькі летась маёнтак Пуслоўскіх наведалі 35 тысяч чалавек. Алена Борматава таксама ўключыла яго ў свой журналісцкі маршрут.

Штотыднёвыя выязныя нарады. Удзельнічаюць усе арганізацыі, задзейнічаныя ў рэстаўрацыйным працэсе. Пытанні вырашаюць на аб'екце, каб супаставіць рэальную архітэктуру з тэхнічнай дакументацыяй. Кабінетнымі развагамі тут не абысціся. 

Тандэм рэстаўрацыі з рэканструкцыяй у Косаве стаў ужо звыклым. Аднаўленчыя працы ідуць другі дзясятак гадоў. Пачыналі з глыбінь. Умацоўвалі фундаменты, расчышчалі падвалы. Яны, дарэчы, толькі пад цэнтральнай часткай будынка. Знаходкі, знойдзеныя археолагамі, - сёння частка музейнай экспазіцыі. І, што немалаважна, узор для рэстаўратараў. На частках кафляў выдатна захаваўся ўзор і колер. Яго і будуць аднаўляць. Як узнавілі вокны. Па ўзорах 19 стагоддзя. Сапраўды такія ж былі ў Пуслоўскіх. 

Аднаўленчыя працы ідуць паралельна з наведваннем палаца турыстамі. Музейная экспазіцыя размясцілася ў будучай Белай зале. Гэта назва саміх Пуслоўскіх. Тут уладальнікі прымалі гасцей і праводзілі балі. Сцены пакуль без дэкаратыўных інтэр’ерных элементаў і падлогі без чыставога аздаблення. Наведвальнікі асабіста назіраюць за рэстаўрацыйным працэсам. 

Маёнтак Пуслоўскіх і сёння выклікае захапленне ў гісторыкаў архітэктуры. Ніводная з зал не была прахадной, пры гэтым прысутнічае анфіладная сістэма пакояў, калі адзін пераходзіць у другі. Ва ўладальнікаў практычна кожная мела сваю назву. 

Макеты з праектнымі працамі адроджаных інтэр'ераў галоўных зал палаца прадстаўленыя ў мабільнай экспазіцыі. У некалькіх залах ужо можна ўбачыць фрагменты ляпніны і пазалоты будучых інтэр'ераў. Вядзецца праца па электрыцы, вентыляцыі. А праектыроўшчыкі з рэстаратарамі распрацоўваюць узоры люстр і бра, якія неўзабаве з'явяцца на сценах. Ідуць працы па аздабленні гасцінічных нумароў. Стыль будзе адпавядаць перыяду Пуслоўскіх - элементы класіцызму і неаготыкі. 

Палац у Косаве - гэта не проста музей. Сядзіба Пуслоўскіх стане грамадска-культурным цэнтрам, дзе будзе і музейная экспазіцыя, і кафэ, і гасцініца, і залы для правядзення бізнес-форумаў і навуковых канферэнцый. Зараз ідзе заключны этап рэстаўрацыйных прац. Фінансаванне вядзецца з дзвюх крыніц - рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. 

Таксама вядуцца працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. А гэта 54 гектары. Ужо зробленая парадная лесвіца, агароджы з чыгуннымі запаўненнямі, свяцільні з каваными элементамі. Падведзеныя камунікацыі для фантана. Яны таксама былі ў Пуслоўскіх. 

Адзінае але. Парадны ўваход у Пуслоўскіх размяшчаўся са зваротнага боку. А гэтая частка лічылася паркавай. Унікальная для Беларусі тэрасная сістэма. Яе аднавілі. У савецкі час месца было засаджана лесам, які захоўваў архітэктурны помнік. Рэстаўрацыйныя працы плануюць завяршыць у наступным годзе.