У скверы філармоніі адкрылі помнік Уладзіміру Мулявіну

17 августа 2017

Пры жыцці сваёй творчасцю і талентаім ён збіраў вялізныя аўдыторыі. А сёння паўтарыў на біс. Сёння ў скверы філармоніі адкрылі помнік Уладзіміру Мулявіну. Сюды заснавальнік ансамбля “Песняры” любіў прыходзіць адпачываць. Наталля Бардзілоўская сустрэлася з прыхільнікамі таленту маэстра.

Ён ведаў узровень сваёй асобы (народны артыст СССР, народны артыст Беларусі), але ніколі не імкнуўся да п'едэсталаў. Ля свайго другога дома – філармоніі – Уладзімір Мулявін паўстаў (калі можна так сказаць) «па-хатняму», лірычны, камерны. Скульптура арганічна ўпісалася ў ландшафт сквера і падкрэсліла асабістыя рысы характару Песняра.

Ён быццам бы выйшаў з канцэртнай залы і прысеў адпачыць пасля выступлення на адной з гранітных прыступак, якія па форме нагадваюць філарманічныя драўляныя ўзору сямідзясятых. А сёлета спаўняецца амаль паўстагоддзя, як Мулявін прыйшоў у філармонію.

Пазнавальны сюрдут, штаны клёш са спражкай і канцэртныя боты. Аўтар скульптуры (ён жа стваральнік надмагільнага помніка Мулявіну і барэльефа на сцяне мулявінскага дома) Аляксандр Каструкоў асабіста ведаў Песняра. Таму і паказаў яго ва ўсім абаянні прастаты.

На пластычнае ўвасабленне (адліўку фігуры) ў яго пайшоў усяго месяц. Але пошук вобразнага рашэння - з 2003-га, 14 гадоў. Абраць самы трапны з вялікай колькасці варыянтаў мастаку Каструкову дапамаглі дачка Марына і тады яшчэ жывая ўдава Мулявіна Святлана Пенкіна.

Дарагі для абедзвюх краін: Мулявін нарадзіўся на Урале і азы музыкі атрымаў там. На Беларусь прыехаў служыць у арміі, але застаўся - успрымаць і праслаўляць наш нацыянальны каларыт. Тры гады таму беларусы падарылі радзіме Песняра скульптуру аўтарства Сяргея Логвіна. Сёння екацярынбуржцы з дарам у адказ.

Хутка восень, і каля помніка плануюцца канцэрты з жывым гукам. Каб месца сапраўды жыло блізкай Песняру стыхіяй.