У Шклове - дзень агурка, а ў Іванаўскім раёне - фестываль "Мотальскія прысмакі"

10 августа 2019

Разам з нашымі карэспандэнтамі складзём гід па кулінарных фестывалях. "Мотальскія прысмакі" - тут нават назва гаворыць сама за сябе. Свята стала ўжо міжнародным. І гэта выдатная магчымасць адкрыць унікальнасць беларускага кутка праз асаблівасці кухні, а таксама пакаштаваць мясцовыя стравы, прыгатаваныя па старажытных рэцэптах. Не менш яркая праграма чакала і гасцей Магілёўскага рэгіёна. У Шклове адзначаюць дзень агурка. Кулінарныя шэдэўры і эксклюзіўныя рэцэпты закатак - той самы выпадак, калі словамі ўсё не перадаць. Лепш убачыць і, вядома, пакаштаваць.

Расказвае Марыя Тройніч: Аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна ператварыўся ў гастранамічную сталіцу. Тут расчынілі прыватныя падворкі, каб паказаць турыстам, што елі, як жылі ў багатай вёсцы сотні гадоў таму. Сталы ломяцца ад пачастункаў, кожная гаспадыня рэкламуе сваю фірменную страву. Да вялізнай колькасці гасцей (у Моталь прыехалі тысячы турыстаў) Галіна Барташ рыхтавалася некалькі дзён. Метровага шчупака вылавілі з мясцовай ракі Ясельды спецыяльна да фестывалю.

А праз агароджу ў суседнім доме нарыхтавалі сотню страў з бульбы. Тут і бабка, і варэнікі і, вядома, дранікі. Прайсці каля такой шчодрай гасціннасці вельмі цяжка. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што на шырокую нагу ў Моталі жылі яшчэ вельмі даўно. Вёска славілася сваімі майстрамі. На кірмашы прыязджалі купцы з суседніх краін. І сёння тут робяць кажухі, ручнікі, каўбасы і многае іншае. Выстава тавараў народнай творчасці разгарнулася на ўсю цэнтральную вуліцу. Але якое свята без песні і танцаў. Для гасцей фестывалю наладзілі тэатралізаванае шэсце.

У святочнай калоне прадстаўнікі сямі краін. І ўсе ў сваіх нацыянальных касцюмах. Танцор Тэрбаўі Латві прыехаў з Алжыра. Каб трапіць на фестываль, ён пераадолеў тры з паловай тысячы кіламетраў.

Цяперашні фестываль "Мотальскія прысмакі" юбілейны, дзясяты. Акрамя святочнай праграмы, тут пройдзе навукова-практычная канферэнцыя. Традыцыйна фестываль "Мотальскія прысмакі" праходзіць два дні. Пад заслону пакідаюць мясцовыя абрады. Сярод іх дзяленне вясельнага каравая. Гастранамічныя адметнасці з мясцовым нацыянальным каларытам сёння можна было ацаніць у Магілёўскім рэгіёне.

Андрэй Ястрабаў пабываў на фестывалі агурка. Шклоў сёння ператварыўся ў адну вялікую канцэртную пляцоўку. І віной усяму свята агурка, якое 13-ы раз сабрала лепшыя творчыя калектывы, а галоўнае - майстроў у справе вырошчвання агуркоў з усяго раёна. Агурочная сталіца. Складана падлічыць, колькі агароднікаў у раёне - сотні, тысячы. Але на мясцовым рынку менавіта шклоўскія агуркі - самы хадавы тавар. Нядзіўна, што і свята такое з'явілася менавіта тут. У гонар караля прысядзібных участкаў і помнік усталявалі ў цэнтры горада. Зараз любімае месца для сэлфі.

Вялікі кірмаш разгарнуўся ў гарадскім парку. Майстар-класы па саломапляценні, лыжку выразаць з дрэва навучаць, прапануюць адчуць, хай і на некалькі секунд, пілотам самалёта.

Але, вядома, адметнасцю свята сталі саленні ад мясцовых фермераў. Вось дзе раздолле для аматараў застолляў вясковыха. Калі і бульба дыміцца, і агурок пададзены. Прычым па незвычайных, толькі шклоўскіх рэцэптах.

Мясцовыя гаспадары зноў здзівілі гасцей фестывалю. Зварылі варэнне з агуркоў з мёдам і мятай. І нават новы сорт вывелі агародніны. Дзіцячыя атракцыёны, пачастункі, народная творчасць. Свята ў Шклове зноў атрымалася. Вялікая спартыўная праграма. Святочны канцэрт з удзелам зорак эстрады. Кульмінацыяй свята агурка ў Шклове стане феерверк.