У сям'і мастакоў у кожнага аўтарскі стыль і крыніца натхнення

16 апреля 2020
Пакуль тэатры ў анлайне, мастацкія галерэі і музеі праводзяць віртуальныя экскурсіі ці ўвогуле спынілі сваю працу. Але мастакі выкарыстоўваюць гэты час з карысцю. Не паставілі працу на паўзу - дапісваюць карціны, ствараюць новыя шэдэўры. 

Ларыса Гулякевіч зазірнула ў майстэрню творчай сям'і, дзе кожны паасобку развівае свае мастацкія накірункі.

У гэтай майстэрні - пах акрылу, алею, лаку і фарбавых растваральнікаў. Тут ідзе бесперапынная праца. Нараджаюцца мастацкія творы адразу трох мастакоў. Творчая сям'я, у кожнага свой стыль, свая тэхніка і свой настрой.

Васіль Пяшкун – мастак-пленэрыст, сочыць за сонечным святлом і зменамі надвор'я ў прыродзе, паветры. Любімая пара года – вясна, калі абуджаецца ўсё навокал, і колеры ў гэты перыяд самыя сакавітыя і яркія. І прапусціць гэта пейзажысту  немагчыма. Сады кожны год цвітуць на палотнах Пешкуна.

Жонка Васіля – знакаміты мастак Ганна Сілівончык. Яе стыль зусім іншы – а-ля наіўнае мастацтва. Талентаў у Ганны шмат: гэта не толькі карціны і інсталяцыі. У творчай скарбонцы і афармленне гарадскіх вітрын, і напісанне вершаваных казак для дарослых. 

Дачка творчага тандэма Маша таксама працягвае дынастыю мастакоў. Лічыць, што сённяшняя сітуацыя дае магчымасць паказаць усяму свету праз інтэрнэт свае работы і набыць асабістую аўдыторыю прыхільнікаў. Зараз сканчае вучобу ў мастацкай гімназіі -каледжы імя Ахрэмчыка. Рыхтуе дыпломную работу ў спецыяльнай тэхніцы - ляўкасы.

Свае мастацкія пошукі Марыя ўвасабляе не толькі звычайнымі фарбамі, але і лічбавым пэндзлем у планшэце праз спецыяльныя праграмы. А вось вольны час бавіць за чытаннем кнігі ў больш звыклым, неэлектронным фармаце.