У рамках кніжнага кірмашу прайшла серыя прэзентацый

9 февраля 2017

Другі дзень Мінскай міжнароднай кніжнай выставы. Стэнд Беларусі стаў у літаральным сэнсе месцам прыцягнення літаратараў і чытачоў, айчынных і замежных. У год 500-годдзя кнігадрукавання і 135-годдзя са дня нараджэння класікаў нашай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа - менавіта пляцоўкі беларускіх выдавецтваў і бібліятэк выклікаюць асаблівую цікавасць. Упершыню ў рамках кніжнага кірмашу прайшла серыя прэзентацый рэгіянальных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Усе шэсць абласных пісьменніцкіх аб'яднанняў - з навінкамі літаратуры і сваім поглядам на сучасную кнігу.

Георгій Марчук, пісьменнік: "Крок наперад у правінцыйнай літаратуры звязаны найперш з краязнаучай літаратурай, ліртаратурай пра гісторыю свайго краю, пра герояў і лепшых людзей вобласці. Вельмі набірае пашыранаю папулярнасць літаратура публіцыстычнага плана і таксама паэтычная. Прыемна, што прыйшлі ў рэгіянальную літаратуру шмат пісьменнікаў дзіцячай тэмы".

І сёння ж на кніжным кірмашы Міністэрства ўнутраных спраў прэзентавала кнігу "Міліцыя Беларусі: 100 гадоў. Гісторыя і сучаснасць". Двухтомнік у будучыні будзе ўключаны ў навучальную праграму акадэміі МУС. Паводле слоў міністра Ігара Шуневіча, кніга стане выдатным дапаможнікам не толькі для студэнтаў, але і для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй праваахоўных органаў. Да Дня міліцыі тысячы экзэмпляраў будуць уручаныя ветэранам МУС, дзеючым афіцэрам і радавым супрацоўнікам. Увойдзе ў падарункавы набор і дыск з фільмамі "Гісторыя Міліцыі ў асобах". Нагадаем, сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і МУС працягвае выходзіць у эфір кожны панядзелак пасля "Панарамы".