У пасольстве Беларусі ў Кітаі прайшла сустрэча дыяспары

30 декабря 2016

Яе прымеркавалі да адкрыцця бібліятэкі беларускай кнігі. Менавіта такі навагодні падарунак падрыхтавала пасольства для сваіх грамадзян. Новую бібліятэку гасцям прадставіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кірыл Руды. Тэматыка кніг  разнастайная. Гэта гісторыя, класіка беларускай літаратуры, кнігі аб адносінах дзвюх краін, а таксама перакладзеныя літаратурныя шэдэўры Кітая. У бібліятэцы можна знайсці і падручнікі для дзяцей. Там жа працуе выстава беларускіх рамёстваў.
Сяргей Вяргейчык, саветнік  пасольства Беларусі ў Кітаі:
"Сённяшняе мерапрыемства – гэта   менавіта  культурны складальнік, гуманітарны. Вы бачыце, мы прапанавалі  новыя кнігі. У іх   шмат інфармацыі аб Беларусі, аб супрацоўніцтве Беларусі з Кітаем. Сёлета, што асабліва важна, мы праводзім  шмат мерапрыемстваў у сферы культуры. Таксама шмат запланавана на наступны год. Вядома ж, на больш маштабным узроўні - гэта будуць дні культуры ў маі 2017-га. Мы падрыхтавалі вельмі цікавую праграму. Гэта будзе сюрпрыз для нашых кітайскіх сяброў. Важнасць гэтага мерапрыемства ў тым, што яно будзе праходзіць у год 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін  паміж нашымі краінамі".
Падчас свабоднай  дыскусіі  супрацоўнікі пасольства абмеркавалі з беларускімі грамадзянамі  пытанні развіцця супрацоўніцтва з Кітаем, шляхі прасоўвання нашага экспарту, а таксама перспектывы супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.