У Польшчы прайшоў самы вялікі фестываль этнічных беларусаў

30 июля 2018

Самы вялікі фестываль этнічных беларусаў у Польшчы "Сяброўская бяседа" 19 раз сабраў прыхільнікаў нашай культуры. У Падляскім ваяводстве - на мяжы з нашай краінай - выступіла некалькі калектываў мясцовых беларусаў. У невялікім гарадку Грудак напевы гучалі ў летнім амфітэатры 10 гадзін. Юрый Карняловіч пабываў на свяце.

Штогод фестываль беларускай культуры ў Падляссі збірае тысячы гледачоў. На два дні невялікі гарадок Грудак становіцца цэнтрам нацыянальнай культуры мясцовых беларусаў. Сюды спецыяльна прыязджаюць госці з усёй Польшчы, каб пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі.

Творчы марафон на сцэне летняга амфітэатра працягваецца 10 гадзін. Калектывы змяняюць адзін аднаго і кожны імкнецца прадэманстраваць гледачам сваю нацыянальную адметнасць.

Як сцвярджаюць удзельнікі свята, беларуская культура - гэта не толькі песні і танцы. Гэта яшчэ і выдатнае застолле, на якое запрашаюць гасцей і суседзяў. І вось гэты парсючок, прыгатаваны на адкрытым вогнішчы, сёння з’яўляецца сімвалам беларускай гасціннасці.

А яшчэ шматлікія нацыянальныя стравы, якімі абавязкова пачастуюць усіх гледачоў.

Падтрымаць сваіх суайчыннікаў на “Сяброўскую бяседу” прыехалі і творчыя калектывы з Беларусі. Іх удзельнікі прызнаюцца, што менавіта на такіх фестывалях адчуваеш еднасць з усімі беларусамі свету.

Культурны марафон у гарадку Грудак цягнуўся больш за 10 гадзін і скончыўся толькі пад раніцу. Свае нацыянальныя хіты артысты выконвалі на біс па некалькі разоў.

Фестываль “Сяброўская бяседа” - гэта толькі невялікая частка беларускага культурнага жыцця ў Польшчы. Літаральна адначасова з імпрэзай ў Грудаку самадзейныя калектывы этнічных беларусаў выступалі і на не менш прадстаўнічым фэсце ў гарадку Семятычы, што на Беласточчыне. Тут беларуская нацыянальная песня гучала разам з матывамі іншых народаў, якія пражываюць у Польшчы. А ўвогуле на працягу года нашы суайчыннікі папулярызуюць сваю культуру на дзясятках фестываляў, у тым ліку і міжнародных, якія ладзяцца ў суседняй дзяржаве.