У Полацку прайшлі галоўныя ўрачыстасці з нагоды Дня памяці Еўфрасінні Полацкай

5 июня 2018

Праваслаўны свет сёння адзначае Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Паводле традыцыі галоўныя ўрачыстасці прайшлі ў найстаражытным горадзе Беларусі. Раніцай - святочнае богаслужэнне. Прычым служба прайшла не толькі ў храмах Полацкай епархіі, але і ў Сафійскім саборы. Затым ля сцен Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра вернікі злучыліся ў вялікую святочную працэсію. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел. Са старажытнага Полацка - рэпартаж Марыны Раманоўскай.

Званы чуюцца па ўсім Полацку. Хрэсны ход аб'яднаў тысячы вернікаў. Святочная калона, якая рухаецца па вуліцы Еўфрасінні Полацкай, з кожнай хвілінай становіцца ўсё больш. Паломнікі ведаюць: сёння ўсе дарогі вядуць у найстаражытны горад Беларусі.

З асаблівымі пачуццямі гэтага дня чакаюць насельніцы Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, які ў 12-ым стагоддзі заснавала прападобная. Менавіта тут захоўваюцца нятленныя мошчы святой. Спецыяльна да Дня памяці ігуменні Полацкай у манастыры ткуць дыван з жывых кветак.

Крыж Еўфрасінні Полацкай тоне ў сонечных промнях. У Дзень памяці прападобнай рэліквію выносяць на ўсеагульную радасць. Каб стаць часткай вялікай урачыстасці, многія вернікі зрабілі доўгі шлях. Для іх гэты дзень асаблівы. Кожны сёння просіць у прападобнай аб самым патаемным.

Еўфрасінню Полацкую лічаць нябеснай заступніцай Беларусі. Святую пачытаюць і праваслаўныя, і католікі. Імя пападобнай носіць васемнаццатая школа Полацка, у горадзе на Заходняй Дзвіне праходзяць Свята-Еўфрасіннеўскія чытанні, у гонар святой у найстаражытным горадзе Беларусі ўзвядуць помнік. Сёння ля яго падножжа шмат кветак.

Свята ахапіла увесь горад. Юныя жыхары Полацка прынялі ўдзел у культурна-асветніцкіх праектах. Дзеці чыталі вершы, ставілі міні-спектаклі. Адна з творчых пляцовак разгарнулася ў самым цэнтры Полацка - ля помніка прападобнай.

Аб духоўнай спадчыне Полацкай зямлі распавядае і горад у мініяцюры. Выстава аб'яднала макеты Сафійскага сабора, Ратушы, Спаса-Праабражэнскай царквы. Усе экспанаты - аўтарства школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. І сёння экспазіцыя пад адкрытым небам сабрала аншлаг.

Прыгожым завяршэннем свята стаў канцэрт у Сафійскім саборы. Дарэчы, пятага чэрвеня - адзіны дзень за год, калі ля помніка архітэктуры праходзіць богаслужэнне. Вернікі гавораць, малітва ў Дзень памяці прападобнай тут заўсёды гучыць асабліва.