У падземным пераходзе на станцыі метро "Кастрычніцкая" з'явіліся цытаты з легендарнай "Паўлінкі"

6 мая 2020
Купалаўцы таксама арыгінальным чынам вырашылі падбадзёрыць жыхароў сталіцы і натхніць на пазітыўны лад. Жыццесцвярджальныя цытаты з легендарнай "Паўлінкі" з'явіліся ў падземным пераходзе на станцыі метро "Кастрычніцкая". Цэлая галерэя крылатых выказванняў са спектакля, які летась, дарэчы, атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, размясцілася на месцы афіш Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Самыя трапныя і вядомыя радкі з п'есы класіка дапоўнены пажаданнямі акцёраў-купалаўцаў.

Купалаўцы працягваюць працаваць над анлайн-праектамі. Таксама ў планах аглядныя экскурсіі па тэатры з сюрпрызамі для тэатралаў.