У парку Чалюскінцаў адкрылася фотавыстава фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея

26 мая 2020
Фонды Нацыянальнага гістарычнага музея сталі даступныя без наведвання музея. Рэпрадукцыі артэфактаў зараз - галоўнае ўпрыгажэнне парку Чалюскінцаў. Аўтары здымкаў Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. 

На экспазіцыі пад адкрытым небам пабывала Дар'я Тарасава.  Мантаж экспазіцыі, якую цяжка не заўважыць, ужо завершаны. Некаторыя артэфакты Нацыянальнага гістарычнага музея ўпершыню пакінулі фонды, праўда, у выглядзе рэпрадукцый. Зараз культурную спадчыну можна ацаніць на 70 пралётах парку Чалюскінцаў.


Рэпрадукцыі экспанатаў Нацыянальнага гістарычнага музея ў парку Чалюскінцаў 


Папулярызаваць фондавыя калекцыі ў адной з самых наведвальных лакацый Мінска Нацыянальны гістарычны музей задумаў год таму. Сёння імправізаваны музей пад адкрытым небам ужо прымае першых гледачоў. Зброя, нумізматыка, сфрагістыка, геральдыка, нацыянальны касцюм і іканапіс. У фотакалажах зашыфравана 220 кадраў. Разгледзець пояс Вітаўта можна ў дэталях. Памеры гарызантальных банераў - тры на два метры. На планшэтах рэпрадукцыі экспанатаў з фондавых калекцый пяці філіялаў Нацыянальнага гістарычнага музея. Ад галоўнага будынка з пушкай на Карла Маркса да музея прыроды і экалогіі. 


Гісторыя артэфактаў - на трох мовах 


Тут неабавязковая кансультацыя экскурсавода. Кожны банер дапаўняе тэкставае суправаджэнне. Даведацца гісторыю артэфактаў можна адразу на трох мовах. Тэхнічная характарыстыка рэпрадукцый - поўнакаляровы шырокафарматны друк для экспанавання на адкрытай прасторы. А значыць, шэдэўры абароненыя ад умоў надвор’я.

Праект пад адкрытым небам - гэта той выпадак, калі ўбачыць экспазіцыю можна да афіцыйнага адкрыцця выставы. Урачыстая цырымонія пераразання стужкі запланавана на 2 чэрвеня. На агароджы парку Чалюскінцаў артэфакты застаюцца мінімум на год.