У Навагрудку запусцілі новы турыстычны маршрут па месцах Адама Міцкевіча

21 июля 2019

Ён уключае адразу пяць аб'ектаў раёна, звязаных з імем паэта эпохі рамантызму: акрамя самога Навагрудка, касцёл, у якім хрысцілі маленькага Адама, а таксама месцы, якія апісваў класік у сваіх творах, і дзе Міцкевіч тварыў. Аб узнаўленні культурна-літаратурнай спадчыны Беларусі - Алена Борматава. 

Капліца маёнтка Чамброў - архітэктурны аб'ект, аднаўленне якога стала міжнароднай справай. Тут адсутнічаў дах і пра першапачатковы выгляд можна было толькі здагадвацца. Архіўныя матэрыялы і працы фатографа Яна Булгака, ураджэнца гэтых мясцін, дапамаглі стварыць праект з гістарычнай дакладнасцю.

Статуя Хрыста была знойдзена ля капліцы ў жудасным стане. Сакральная скульптура захавалася толькі напалову. Майстар з Ліды аднавіў фігуру 500-кілаграмовага Ісуса. Яе ўстанавілі на гранітную падлогу. 

Завершаны першы этап аднаўленчых работ. Хутка прыступяць да другога. Ён уключае добраўпарадкаванне тэрыторыі. Адкрыць і асвяціць капліцу плануюць ў кастрычніку. Але ўжо зараз аб'ект уключаны ў турыстычны маршрут «Шляхамі Адама Міцкевіча». Маёнтак, якому належаў культавы помнік, побач. 

 Сёння ад сядзібы Чамброў засталася толькі ліпавая алея, але ёсць ідэя па яе аднаўленні, бо тут пазнаёміліся бацькі Адама Міцкевіча, а ўладальніца сядзібы Анэля Вузлоўская стала хроснай маці паэта. І менавіта наш Чамброў з'яўляецца правобразам сядзібы ў паэме «Пан Тадэвуш».

Міцкевіч часта наведваў маёнтак, лічыў яго другім домам. І калі пытанне аднаўлення сядзібнага дома толькі вырашаецца, то даследчыя матэрыялы адносна капліцы, дзе маліліся ўладальнікі Чамброва, рыхтуюцца да падачы ў Міністэрства культуры, каб надаць ёй статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.