У Нясвіжы стартаваў фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў"

22 июня 2018

У гэтыя хвіліны ў Нясвіжы даюць балет. Тут стартаваў фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў". Маштабны форум з гістарычным падтэкстам аб'яднаў адразу некалькі лакацый - касцёл, тэатральную залу і, вядома, унутраны дворык палацавага комплексу. На працягу трох фестывальных дзён пройдуць канцэрты пад адкрытым небам.

За ўсім назірае Ніна Мажэйка (прамое ўключэнне). Свабодных месцаў няма. Партэр раскуплены. А гэта амаль тысяча месцаў. Дарэчы, не засталося вакантных крэслаў і ў тэатральнай зале. Гэта яшчэ адна канцэртная пляцоўка фестывалю, якая знаходзіцца ў замку, але больш камерная, разлічаная на сотню гледачоў. Менавіта тут у Нясвіжы з'явіўся першы тэатр еўрапейскага класа са сваёй трупай і аркестрам. Я не памылюся, калі скажу, што ва ўсе часы магнаты падтрымлівалі мастацтва. Гістарычны трэнд захоўваюць і сёння.

Пачаўся фестываль у касцёле Божага цела. Тут у прамым сэнсе ўсё дыхае гісторыяй. Святыня знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА і ўяўляе сабой не толькі архітэктурную жамчужыну Нясвіжа, але і пахавальню. Нагадаю, што ў падзямеллі храма большасць прадстаўнікоў сям'і Радзівіл. Штогод роўна гадзіну ў акустыцы касцёла выступае "Беларуская капэла". Сёлетні канцэрт прысвяцілі эпосе рамантызму. Таму зоркай праграмы сталі творы Станіслава Манюшкі. У тым ліку і "Гімн да пана Езуса", напісаны кампазітарам за месяц да смерці. Асаблівасць праграмы акрамя адрэстаўраваных музычных шэдэўраў заключаецца яшчэ і ў тым, што пад скляпеннямі касцёла прагучала беларуская музыка разам з сусветнымі шэдэўрамі. Так, уверцюрай стала знакамітая "Авэ Марыя". Яе выканалі на трубе.

Фестывальны "квэст" прадоўжылі ў самім замку Радзівілаў. Магнацкая галерэя, гасцёўні, паляўнічыя залы і пакоі - па такім маршруце правялі гасцей арыстакратычнага музея. Дарэчы, колькі пакояў у рэзідэнцыі, дакладна сказаць цяжка - лічбы адрозніваюцца. Але ў большасці выпадкаў размова ідзе пра сотні. Адзін з распаўсюджаных міфаў, што пакояў было 365, як дзён у годзе. Гісторыкі сцвярджаюць: чуткі перабольшаныя. І гэта чарговы нясвіжскі міф. Але ад гэтага флёр загадкавасці з гэтых мясцін не знікае.

Прама зараз ля сцен замка Радзівілаў балетная класіка. Па-дэ-дэ з "Лебядзінага возера" і "Карсара". Пакажуць і паэзію Шэкспіра на мове танца ў пастаноўцы харэографа Аляксандры Ціхаміравай. "Санеты" - гэта сінтэз паэтычнага, харэаграфічнага і музычнага мастацтва. Зараз я папрашу рэжысёраў паказаць фрагмент балетнай шэкспірыяны. А таксама фрагмент інтэрв'ю з генеральным дырэктарам Вялікага тэатра Уладзімірам Паўлавічам Грыдзюшкам.

Нагадаю, што форум прадоўжыцца ўсе выхадныя. Заўтра ва ўнутраным дворыку дадуць оперу "Травіята". Спецыяльна для прэзентацыі ў Нясвіжы сюды прывязуць спецыяльныя экраны з дубляжом на рускую мову. А завершыцца трохдзённы марафон гала-канцэртам зорак Вялікага тэатра.