У Нясвіж вярнуліся кнігі Радзівілаў

13 апреля 2013

У Нясвіж вярнуліся парадку ста кніжных помнікаў, якія некалі належалі самаму шляхетнаму роду Беларусі - Радзівілам. Іх яшчэ звалі некаранаванымі каралямі Вялікага Княства Літоўскага. Кнігі, праўда, вярнуліся на часовае экспанаванне. Два найбуйнейшыя бібліятэчныя зборы нашай краіны - Нацыянальная бібліятэка і Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук - частку сваіх радзівілаўскіх фондаў перавезлі ў рэзідэнцыю магнацкага роду.


 


Алена Борматава ўбачыла шэдэўры кніжнага мастацтва.


 


Упершыню за ўсю гісторыю замка кнігі адсюль не вывозяцца, а вяртаюцца. У пакоях Радзівілаў выставілі частку знакамітага кнігазбору, які назапашваўся некалькімі пакаленнямі роду.  Што ні экзэмпляр, то сапраўдны кніжны шэдэўр. Прыжыццёвае выданне Пятра Скаргі - пісьменніка, першага рэктара Віленскага ўніверсітэта. 1610 год.


 


Аляксандр Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь: Тут мы можам знайсці і літаратурныя творы. Некаторыя з іх, як вядома, пісаліся Радзівіламі. Напрыклад, Францішка Уршуля - адна з першых знакамітых пісьменніц нашага краю. Альбо Мікалай Хрыштоф Радзівіл, які апісаў сваё падарожжа ў Святую зямлю.


 


Радзівілаўская бібліятэка і архіў з’яўляюцца ў 16 стагоддзі, дзякуючы Мікалаю Радзівілу Чорнаму і яго сыну Мікалаю Хрыстафору Радзівілу Сіротцы. Прывілеем караля Жыгімонта Аўгуста было дадзена права захоўваць у Нясвіжы дзяржаўныя акты Вялікага княства. У 18 стагоддзі бібліятэка і архіў атрымалі статус дзяржаўных.


 


Наймацнейшае разграбленне бібліятэкі Радзівілаў адбылося пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Калі ў Нясвіж, згодна з загадам Кацярыны, прыбывае яе давераная асоба - Бібікаў і ў якасці кантрыбуцыі вывозіць у Пецярбург 15 тысяч тамоў фамільнай Радзівілаўскай бібліятэкі. Кнігі больш ніколі не вернуцца сюды.


 


Апошні раз дакументацыю і кнігі з Нясвіжа вывозілі ў 40-ым, у Акадэмію навук БССР. А там - вайна. Спадчыну Радзівілаў не паспелі эвакуіраваць. Пасля перамогі замест 10 тысяч вяртаецца крыху больш за тры з паловай тысячы кніг.


 


Аляксей Буднік, загадчык сектара Палацавы ансамбль Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка Нясвіж: У нас ёсць копія дакумента, дзе апісана, што вывезена 50 тон кніг і дакументаў, што складае 100 метраў паліц. Менавіта ў такім эквіваленце лічылі тады літаратуру, якую вывозілі.


Кніжную спадчыну Радзівілаў выставілі так, як яшчэ ў 16 стагоддзі самі прадстаўнікі роду размяшчалі кнігі. 7 вітрын - сем раздзелаў з найбольш каштоўнымі экзэмплярамі Нясвіжскай бібліятэкі. Гісторыя, тэалогія, права і навука. І на кожнай іх пазнавальны экслібрыс - наклеены ўладальніцкі знак, ці суперэкслібрыс - вельмі прадстаўнічае цісненне на пераплёце.


 


Аляксандр Стэфановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі: У цяперашні час мы займаемся вывучэннем і навуковым апісаннем усяго таго кніжнага багацця, якое маецца ў нашым фондзе. Гэта больш як 3,5 тысячы тамоў, пачынаючы з 15 стагоддзя і сканчаючы 40-ымі гадамі 20 стагоддзя.


 


Наталля Бярозкіна, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі: Пані Эльжбета была ў захапленні, калі яна ўбачыла кнігі. Яна гаварыла, Ой, гэту кнігу чытаў мой дзедка. Там засталося вельмі шмат запісаў, таго, што пакінута рукамі Радзівілаў. Для яе гэта асабліва каштоўна было.


 


 


Некалькі гадоў таму было ініцыявана буйное даследаванне па вывучэнні Радзівілаўскага кнігазбору. Сёння гэта навуковая справа рэалізуецца ў рамках дзяржаўнай праграмы Культура Беларусі, а фаліянты, якія некалі захоўваліся ў Нясвіжскай рэзідэнцыі, пераводзяць ў лічбу. Бібліятэка славутага роду становіцца даступная ўсім.