У Нацыянальнай бібліятэцы адбылася выстава-перформанс пад назвай Слова

22 августа 2013
Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Двойчы ўладальнік золата Усекітайскага конкурсу каліграфіі выкладчык БДУ Лі Цзо спрабуе пісаць кірылічныя завіткі. Дасканалая ў іерогліфе, яго рука ўпершыню выводзіць славянскія літары. Але эксклюзіў для нашага канала атрымліваецца!

Свята ў гонар 1150-годдзя славянскага пісьменства сабрала на імпрэзу ў Нацыянальную бібліятэку і замежных славістаў, і айчынных даследчыкаў стараславянскай культуры, і мастакоў-канцэптуалістаў.

У цэнтры падзеі - дзве выставы: кніжная і мастацкая. На першай - амаль 200 выданняў: ад старадрукаў і кніг па гісторыі славянства да навінак, якія бяруць прызы на міжнародных кніжных кірмашах. На іншай - тры дзясяткі работ, у якіх дэманстрацыя мастакоў на тэму Слова як аб'ект творчасці.


Кірыліца - не сівы рарытэт. Азбука і сістэма пісьма, створаная 1150 гадоў таму, - не толькі продак сучаснай літаратурнай мовы і аснова афіцыйнага алфавіта 20 краін свету. Старажытныя буквіцы ад Кірылы і Мяфодзія сёння дыктуюць моду беларускім дызайнерам, жывапісцам, канцэптуальным фотамастакам. І прыхільнікаў камп'ютарнай мовы натхняюць вярнуцца да старой і добрай каліграфіі.

Барацьбіт за прыгожае пісьмо прафесар Павел Саўчанка дае майстар-клас разам з вучнем Генадзем Мацурам. Яны прадстаўляюць аб'яднанне ЛітАрт - суполку, якая працягвае і папулярызуе старажытныя традыцыі славянскага пісьменства.

Дэфіле не атрымалася, але свой гімн слову як мастацтву Уладзімір Цэслер развесіў у зале. За знакамітыя майкі, як і за плакаты, аздабленне кніг майстра неаднойчы адзначаўся міжнароднымі конкурсамі. Сёння мастак прызнаўся: пісьменства, яго знакі, літары-шрыфты - першасная з навук для сапраўднага творцы.

Сённяшняе - не першае і не адзінае прысвячэнне Нацыянальнай бібліятэкі 1150-годдзю славянскага пісьменства. Былі і факсіміле старадрукаў, і прэзентацыі навуковых прац, і канферэнцыі.


З выставамі ў гонар славянскага пісьменства бібліятэка будзе знаёміць да кастрычніка. Гэта акцыя ажывіла і дадала колераў у старажытнае слова.