У Нацыянальнай бібліятэцы сёння адкрываецца выстава "100 ідэй для СНД"

14 апреля 2016

Амаль 40 праектаў маладых наватараў прапануюць сёння ў Мінску на конкурсе "100 ідэй для СНД". У Беларусі свае распрацоўкі пакажуць удзельнікі з Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі. Пляцоўкай для экспазіцыі стане Нацыянальная бібліятэка.

Сярод намінацый конкурсу - "Прамысловыя тэхналогіі", "Культура", "Адукацыя", "Ахова здароўя", "Медыцына" і "IT". Пераможцаў вызначаць заўтра. Таксама запланавана маштабнае пасяджэнне савета па справах моладзі. Прадстаўнікі краін Садружнасці падвядуць вынікі за апошнія два гады, абмяркуюць развіццё моладзевага прадпрымальніцтва і падрыхтуюць праект канцэпцыі добраахвотніцкага руху ў СНД.

Віктар Якжык, намеснік міністра адукацыі Беларусі: "За апошнія гады была сфарміраваная сетка моладзевых арганізацый, якія вывучаюць праблемы моладзі. Яе ўзначаліла беларуская структура - Цэнтр сістэмных даследаванняў пры Белдзяржуніверсітэце. Першыя вынікі будуць дакладзеныя на нашым пасяджэнні".

Андрэй Белякоў, першы сакратар ЦК БРСМ: "Упэўнены, што ў гэтага праекта добрая будучыня. Вельмі шмат моладзевых ініцыятыў. Рэспубліка Беларусь выступіла яшчэ з адной ініцыятывай: мы стварылі інтэрнэт-пляцоўку для акумулявання гэтых праектаў. Сёння, па сутнасці, і інвестары, і ўсе ахвотнікі могуць зайсці ў Інтэрнэт і вызначыць, што для іх цікава".

Удзельнікі конкурсу сёння ўскладуць кветкі ля стэлы "Мінск - горад-герой", а пасля маладыя людзі адправяцца на экскурсію ў Музей Вялікай Айчыннай.