У Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць прэзентацыя факсіміле першага "Буквара"

28 августа 2018

Мэтай гэтага маштабнага праекта стала магчымасць паказаць культурную спадчыну Беларусі шырокай аўдыторыі. Наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч таксама ўбачыла каштоўнае выданне.

Напярэдадні Дня ведаў Нацыянальная бібліятэка Беларусі прэзентуе першае выданне ў свеце, якое 400 гадоў таму назвалі "Букваром". Гэта факсімільнае выданне - дакладная копія кнігі, якая была выдадзена ў 1618 годзе на царкоўнаславянскай мове. Арыгінал захоўваецца ў лонданскай бібліятэцы Мідл Тэмпл.

Арыгінальны "Буквар" з’явіўся ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўі. Усяго захавалася толькі два экзэмпляры 1618 года. Адна з кніг вывезена брытанскім калекцыянерам у Лондан у пачатку XVII стагоддзя. Другі экзэмпляр - у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. А вось на радзіме, на жаль, не засталося ніводнага выдання.

Выданне вельмі рэдкае, яго практычна ніхто не вывучаў. Дзякуючы садзейнічанню брытанскіх беларусістаў, выкладчыкаў Лонданскага ўніверсітэта ў 2015 годзе Нацыянальная бібліятэка атрымала магчымасць азнаёміцца з каштоўным помнікам і дэталёва вывучыць яго. Завяршэнне міжнароднага навуковага выдавецкага праекта па факсімільным узнаўленні "Буквара" стала важнай падзеяй гэтага года. Першы "Буквар" зараз стане даступным для шырокай аўдыторыі.

У дадатак да факсімільнага выдання твора Нацыянальная бібліятэка прэзентуе яшчэ дзве кнігі. Гэта "Пераклад" на сучасную беларускую мову і "Даследаванні" - праца вучоных і даследчыкаў як беларускіх, так і замежных.