Падвялі вынікі Усебеларускай акцыі "Сэрца зямлі маёй"

7 Кастрычніка 2015

У Нацыянальнай бібліятэцы падвялі вынікі Усебеларускай акцыі "Сэрца зямлі маёй". Арт-тур па нашай краіне зрабіла майстар кітайскага жывапісу Марына Эльяшэвіч. Белтэлерадыёкампанія сачыла за яе майстар-класамі для дзяцей і падлеткаў у рэгіёнах. 

Дарэчы, мастачка выступіла і ілюстратарам кнігі старшыні найбуйнейшага медыяхолдынга краіны Генадзя Давыдзькі. Да юбілею тэлебос выпусціў не традыцыйныя мемуары, а зборнік мініяцюр "Лоўля слоў".

На нестандартнай прэзентацыі пабывала і Ніна Мажэйка

Глабальны тур па краіне завяршыўся ў Мінску. Сімфанічную кропку нацыянальнай акцыі паставіў аркестр Белтэлерадыёкампаніі. Музыканты з кітайскіх матываў пераходзілі на беларускія - дыялог культур.

Беларускіх жураўлёў, а тым больш зуброў у кітайскай тэхніцы яшчэ ніколі не паказвалі. Нацыянальныя скарбы, выкананыя кітайскай тушшу, выстаўляюцца ў бібліятэцы са статусам "нацыянальная". Хоць і прадэманстраваныя работы - вынік маніпуляцый не вопытнай мастачкі, а яе вучняў.

Дзеці і падлеткі з розных рэгіёнаў краіны пабывалі на майстар-класах у мастачкі Марыны Эльяшэвіч. Тэхніку аднаго мазка асвоілі. Інтэрпрэтавалі па-свойму. У розных стылях, але з дапамогай кітайскага пэндзля юныя таленты пісалі Беларусь.

Стартап аказаўся ўдалым. Са сталіцы маладыя мастакі прывязуць не толькі граматы, але і прызы ад тэлеканала "Беларусь 2".

Ад урачыстай ноты да лірычнай. Своеасаблівыя мемуары ў нетрадыцыйным выкананні - зборніку мініяцюр - выпусціў старшыня найбуйнейшага медыяхолдынга краіны Генадзь Давыдзька. У кнігу ўвайшлі чарнавікі тэлебоса: вершы, фразы. А ілюстрацыі да мінімалістычнага выдання зрабіла Марына Эльяшэвіч. Чорнай тушшу і на выдыху.

"Вершы, напісаныя Генам Давыдзькам…" - эпіграф юбілейнага выдання. Хоць вершаскладаннем юбіляр не займаецца апошнія 25 гадоў, беражліва захоўваў, як прынята, у стале свае разважанні. Біяграфію аўтара можна звяраць па змесце.

А ў некаторых школах пазакласная гадзіна праходзіць пад вершы беларускага аўтара Генадзя Давыдзькі. На прэзентацыі з тэлеплазмы нехта Вася Собалеў прачытаў адзін твор. Зусім недзіцячы.