У Нацыянальнай бібліятэцы ушаноўвалi лаўрэатаў прэміі За духоўнае адраджэнне

14 февраля 2013
Галоўнае кніжнае сховішча Беларусі сёлета таксама сярод лаўрэатаў Спецпрэміі дзеячам культуры і мастацтва.
Сярод тых беларусаў, якія працягваюць традыцыі продкаў, у зацвярджэнне ідэалаў духоўнасці і справядлівасці сёлета ўпісалі імёны больш за 10 чалавек. Гэта людзі не толькі творчых прафесій. Сёлета сярод лаўрэатаў і тыя, хто адраджае гістарычнае мінулае, хто захоўвае духоўны код нацыі і тыя, хто клапоціцца пра будучае Беларусі.
Рэсурсы Оксварда і Кембрыджа яны зрабілі даступнымі для беларусаў. І яшчэ паўтары сотні замежных і айчынных электронных баз даных. Нацыянальная бібліятэка Беларусі - гэта цэлы сацыякультурны і навукова-даследчы цэнтр з найноўшымі тэхналогіямі. Для захавання старажытных кніжных шэдэўраў ствараецца электронная база. За пяцігодку лічбавымі зрабілі 300 тысяч дакументаў. Многія з электронных копій да масавага спажыўца інфармацыі дайшлі ў выглядзе мультымедыйных і факсімільных выданняў. Калектыў бібліятэкі, а гэта тысяча чалавек, адзін з лаўрэатаў Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Іх дыплом, атрыманы з рук Прэзідэнта, у цэнтры кніжна-ілюстрацыйнай экспазіцыі. Тут дакументальнае дасье на кожнага з герояў нашага часу. На ўсіх лаўрэатаў сёлетніх прэмій.
Першыя ўзнагароды за адраджэнне нацыянальнай спадчыны і духоўнае служэнне народу былі ўручаны паўтара дзесяцігоддзя таму. У 97-м падпісаны Указ аб прысуджэнні першых прэмій За духоўнае адраджэнне і спецпрэмій Прэзідэнта. Узнагароды ўручаюць у светлыя калядныя дні, якія для беларусаў здаўна былі часам міласэрнасці і дабрачыннасці.
Людзі, талент якіх не застаецца па-за ўвагай дзяржавы. Іх праца складае гонар нацыі. Пасля ўшанавання на сцэне Палаца Рэспублікі, лаўрэатаў вітае Нацыянальная бібліятэка. І гэта таксама ўжо традыцыя.
Музейныя ўстановы, музычныя калектывы, тэатральныя трупы, рэстаўратары. Іх служэнне прафесіі - гэта папулярызацыя і адраджэнне нашай адметнай нацыянальнай культуры, духоўнага сімвала нацыі.