У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі энцыклапедычнае выданне "Францыск Скарына"

2 декабря 2016

Пра Скарыну ў трох тамах. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі энцыклапедычнае выданне "Францыск Скарына". Аўтар – намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай  рабоце Алесь Суша - малады навуковец, які доўгі час займаецца вывучэннем генія Скарыны. Дзякуючы яму на радзіму ў электронным выглядзе вярнуліся некалькі кніг нашага першадрукара, арыгіналы якіх захоўваюцца ў кніжных сховішчах еўрапейскіх краін. Трохтомнік выйшаў напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігавыдавецтва, якое мы будзем адзначаць у наступным годзе.

Алена Борматава пра нечаканыя гіпотэзы і некаторыя навуковыя правакацыі.

Упершыню за дзесяцігоддзе  Скарына ў навуковай літаратуры. Вынікам даследчай працы некалькіх гадоў стала трылогія, дзе першадрукар паўстае ў розных іпастасях: і чалавек-энцыклапедыя, і чалавек свету і чалавек-легенда. На кожнае азначэнне  па томе. Фундаментальная акадэмічная праца напісана даступнай папулярнай мовай.

 

Трохтомнік хоць і выйшаў у серыі "Дзіцячая энцыклапедыя", разлічаны не толькі на аўдыторыю да 16-ці. Уключана больш за 300 ілюстрацый. Многія публікуюцца ўпершыню, як некаторыя гравюры са скарынаўскіх кніг. Аказваецца, іх наш першадрукар запазычыў з нямецкіх і чэшскіх выданняў. Аўтар развенчвае некаторыя міфы, вылучае нечаканыя гіпотэзы, апелюе дакументамі.

 

Свайго роду правакацыяй з боку Скарыны была публікацыя партрэта. У XVI стагоддзі  гэта адзіны выпадак у еўрапейскім кнігадрукаванні. На першым аркушы Бібліі,  кнізе Cвятога пісання, выдавец публікуе сваю выяву. Сёння партрэт называюць хрэстаматыйным. Іншых выяў Скарыны ў свеце на захавалася. 

 

Трохтомная энцыклапедыя пра асобу Скарыны – толькі першая ў серыі скарыніяны. Вельмі хутка з друку выйдзе кніга на рускай мове, прысвечаная беларускаму кнігадрукару. А ў юбілейны год чакаецца прэзентацыя фаліянта з выявамі кніг Скарыны, якія сёння захоўваюцца ў музейных і бібліятэчных зборах свету.