І даведацца, чаму для беларусаў у розны час грошы былі мыльныя і салёныя. Падрабязней Іна Пілевіч.
Без арла і рэшкі. Першая айчынная валюта выглядала як звычайны сярэбраны злітак. Банкнота пад назвай “грыўня” ўвайшла ў абарот у ХІІІ стагоддзі. Ёю карысталіся князі, шляхта і гандляры падчас буйных фінансавых здзелак. Але ў асноўным гандаль уяўляў сабою натуральны абмен. Ты мне, я табе.
Ад шляху "з варагаў у грэкі" да прылаўка савецкага магазіна. Хроніку беларускага гандлю паказаў Нацыянальны гістарычны музей. Экспазіцыя памерам на 1600 каштоўных прадметаў уяўляе сабой буйны кірмаш. Кожны гістарычны перыяд суправаджаюць постаці вікінга, карчмара, рамесніка, купца, прадаўца, спекулянта.
Уласнае цела як вымяральны прыбор. Доўгі час беларускія гандляры вызначалі кошт тавару адносна памеру сваёй нагі ці рукі. Так, сажань - адлегласць паміж пальцамі распасцёртых рук. Гасцям вернісажу прапануецца на сабе адчуць вагу пуда солі і фунта разынак. Між іншым, ва ўсе часы пакупнікоў лёгка абважвалі, таварна-грашовыя адносіны не заўсёды мелі законны характар.
Асабліва актыўна беларусы займаліся кантрабандай на пачатку ХХ стагоддзя. Праз мяжу таемна перавозілі дэфіцытныя панчохі, шкарпэткі, пальчаткі. А пад Заслаўем археолагі знайшлі сапраўдны клад кантрабандыста - гэтыя два чамаданы, поўныя солі і гаспадарчага мыла.
Каштоўнасці хавалі ў высокай прычосцы, шырокім абутку і нават рыбіным чэраве. Гэтыя і іншыя моманты гандлёва-грашовых адносін прапісаныя ў шэрагу каштоўных дакументаў ад часоў прыняцця Магдэбургскага права. Многія з іх спецыяльна рассакрэцілі для выставы. Заламінаваныя копіі выдаюцца на рукі наведвальнікам экспазіцыі.













